На мінскіх кніжных кірмашах амаль кожны прадавец на самае бачнае месца сёння кладзе кнігі двух аўтараў. Італьянца Умберта Эка, чые раманы, уключна з кнігай «Праскія могілкі» (2012), шчодра перавыдалі ў новым, таннейшым варыянце, і амерыканкі С’юзэн Колінз, аўтаркі трылогіі «Галодныя гульні».
Попыт на гэтых аўтараў досыць вялікі і трывалы.

Сёння беларускія ўлады крыкам крычаць аб імпартазамяшчэнні. Праблема актуальная і для кніжнага рынку:

беларусы набываюць выдадзеныя ў Расеі кнігі, аддаюць свае грошы замежным вытворцам, якія дзякуючы гэтаму павялічваюць свой капітал і асартымент прадукцыі.
Але тут, як і ў іншых сектарах беларускай эканомікі, свае складанасці.
Замяніць на ўнутраным спажывецкім рынку Умберта Эка нам няма кім, бо гэты пісьменьнік-інтэлектуал унікальны для ўсёй сусветнай літаратуры, а не толькі італьянскай. У той жа час камерцыйны поспех С’юзэн Колінз ва ўсім свеце абумоўлены не ў апошнюю чаргу моцнай падтрымкай транснацыянальнай кампаніі: першая частка яе кнігі экранізаваная Галівудам і паспяхова ідзе ў кінатэатрах, у тым ліку беларускіх.
На чарзе — яшчэ дзве, а значыцца яшчэ некалькі гадоў «Галодныя гульні» будуць трымацца ў лідарах продажаў па-за межамі ЗША, дзе яны даўно сталі бестселерамі, запаўняць і наш рынак у візуальным і вербальным вырабах.

Ну добра, беларускай літаратуры няма каго супрацьпаставіць Умберта Эка. Ён сапраўды як аўтамабіль «Ламбарджыні» альбо хлеб чыябата. Але ці можа наша літаратура канкураваць хаця б з масавымі вытворцамі такой прадукцыі, як «Галодныя гульні», звышпапулярнай у дзясятках краін свету? Здаецца,

напісаць кнігу пра рэаліці-шоу ў таталітарнай дзяржаве, як зрабіла гэта Колінз, здолелі б многія беларускія пісьменнікі. Бо ім ёсць што сказаць пра дыктатуру і яе абыходжанне з чалавекам і ёсць да каго прамаўляць — найперш да цэлай краіны, усе жыхары якой па-рознаму ўдзельнічаюць у падобнай галоднай гульні.
Але ніводнай такой кнігі, створанай на памежжы «высокіх» і «нізкіх» жанраў літаратуры, каб паспяхова спалучаліся псіхалагічная дакладнасць і лёгкасць формы, у нас дасюль няма.
Ці ж беларускія аўтары не здольныя намаляваць правінцыйны горад, запалоханыя насельнікі якога жывуць пад пільным наглядам уладаў? Апісаць пагрозлівую веліч сталіцы, што высмактала ўсе сокі з краіны, у вачах дачкі шахцёра? Распавесці, як магчыма цэлымі тыднямі выжываць у лесе і пазбягаць пераследу? Паказаць, як паступова ламаецца традыцыя пакоры і ў сэрцы нараджаецца нянавісць да ўлады, якая прымушае цябе здзеквацца з іншых людзей, гуляць па бязлітасных правілах, вызначаных 74 гады таму? І падаць усё гэта, праўдзіва і кранальна, на тле любоўнага трохкутніка — зусім не банальнага?
Чаму ж у 50-гадовай Колінз, аўтаркі шматлікіх сцэнарыяў да дзіцячых тэлепраграмаў і серыялаў для моладзі, тое выйшла, а ў нас не? Толькі таму, што амерыканка, па ўласным прызнанні, яшчэ ў трэцім класе асэнсавала суворую сутнасць міфу пра Мінатаўра («паспрабуйце зачапіць нас, і мы не проста заб’ем вас, мы будзем забіваць вашых дзяцей»), а пазней усё жыццё вывучала пабудову сюжэтаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі?

Я ведаю, чаму ў нашай краіне дасюль не наладжаная вытворчасць соцень найменняў розных спажывецкіх тавараў, сканчаючы прэзерватывамі і ёлачнымі цацкамі. Я разумею, чаму ў беларускай літаратуры няма аўтараў, роўных Умберта Эка.

Але ў мяне няма адказу на пытанне, чаму сучасная беларуская літаратура не здолела ператварыць тэму дыктатуры, якую яна ведае з усіх бакоў, у вытворчую лінію і наладзіць масавы выпуск разнастайнага літаратурна-мастацкага тавару, у якім зацікаўлены ўнутраны і замежны рынкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?