10 сакавіка на Сойме Партыі БНФ была прынятая стратэгія дзейнасьці Партыі БНФ на 2007‑2008 гг. Стратэгія зараз ёсьць партыйным дакумэнтам і разьлічаная на дасягненьне сытуацыі перамоваў з уладамі й свабодных дэмакратычных выбараў празь інфармаваньне й мабілізацыю грамадзтва.

«Зыходзіць прынятая Соймам стратэгія, — кажа старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, — з прагнозу, што, на жаль, эканамічны крызіс непазьбежны. Віну за гэты эканамічны крызіс нясуць цяперашнія ўлады. Мы ўсьведамляем, што сіламі толькі Партыі БНФ дасягнуць пажаданых вынікаў нерэальна, таму мы будзем каардынаваць сваю дзейнасьць у рамках АДС і ўсіх, хто падзяляе з намі гэтую стратэгію. Мы зыходзім з таго, што ня толькі людзі, якія ўжо сёньня прыхільныя да дэмакратычных зьменаў, ёсьць нашымі адрасатамі, але й людзі, якія мысьляць чыста эканамічна, але якія ўсхваляваныя, устрывожаныя эканамічным абвалам. Яны мусяць пачуць ад нас праўду й інфармацыю пра тое, дзе выйсьце. Такім чынам, мы будзем мець падтрымку бальшыні нашага грамадзтва».

Сойм абмеркаваў адну зь першых акцыяў, якія зьяўляюцца часткай стратэгіі, — 25 сакавіка. Задача акцыі 25 сакавіка – выявіць мабілізацыйны патэнцыял як Партыі БНФ, так і астатніх ўдзельнікаў і даць уладзе магчымасьць паказаць, што яна сапраўды імкнецца да выратаваньня Беларусі ад крызісу празь яе дэмакратызацыю.

Прэс‑група Партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0