«Чарнобыльскі шлях» можа стаць чарговай вулічнай акцыяй, якую правядуць прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, паведаміў член аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч.

Паводле яго слоў, папярэдняя магчымасць правядзення акцыі абмяркоўвалася 26 сакавіка на пасяджэнні аргкамітэта, які правёў 25 сакавіка ў Мінску шэсце і мітынг з нагоды Дня Волі. «Яшчэ неабходна звязацца з экалагічнымі арганізацыямі, Беларускай партыяй «Зялёныя», каб яны ў гэтай справе ўзялі непасрэдны ўдзел. Адносна канкрэтнага фармату, паслання, складу аргкамітэта — усё гэта будзе вызначана ў выніку перамоў на працягу трох-чатырох дзён», — паведаміў Івашкевіч.

Дзень Волі (гадавіна абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года БНР) і «Чарнобыльскі шлях» (гадавіна аварыі 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС) — традыцыйныя вулічныя акцыі, якія праводзіць беларуская апазіцыя. Сёлета святкаванне Дня Волі было санкцыянавана мінскімі ўладамі. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, з дажджом і моцным ветрам, у шэсці і мітынгу ўзялі ўдзел, паводле розных ацэнак, больш як тры тысячы чалавек. Пры гэтым сталічная міліцыя паведаміла, што ў акцыі ўзялі ўдзел каля 200 чалавек.

«Чарнобыльскі шлях» праводзіўся штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое заканчвалася мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?