Былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец 12 сакавіка падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця ў гонар Дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі 2 красавіка.

Нам зусім незразумелая, — сказаў Скрабец, — тая вайна з Расеяй, якую аб’явіла беларускае кіраўніцтва. Мы супраць гэтай вайны. Мы зьвязаныя з Расеяй гістарычна і палітычна. Прычым, з нашага пункта гледжаньня, гэта вайна зусім ня тычыцца энэрганосьбітаў. Аднак рэальнае аб’яднаньне народаў ніхто не адмяняў. У мяне маці нарадзілася ў Расеі, бабуля — украінка, і такая карціна назіраецца ў многіх беларускіх сем’ях. Таму нас абурае гэтая вайна ў этэры беларускіх тэлеканалаў. Мы гутарылі з моладзьдзю, вэтэранамі, людзьмі, якія працуюць у Расеі, тымі, хто вядзе з расейцамі сумесны бізнэс — ніхто не разумее такой беларускай палітыкі. Таму мы хочам падкрэсьліць: нікуды ад Расеі мы не падзенемся, і зь ёю трэба выстройваць добрасуседзкія і саюзьніцкія стасункі, а не ваяваць.

Абодва экс‑дэпутаты папрасілі ў Менгарвыканкаме дазволу на шэсьце ад Палацу Рэспублікі да парку імя Горкага і сьвяточны канцэрт у самім парку.

Раней Менгарвыканкам адмовіў Скрабцу ў дазволе на акцыю салідарнасьці зь незаконна асуджанымі, заяўку на якую ён падаваў 16 сакавіка.

«Па якой прычыне [адмовілі] — пакуль невядома, паколькі ў Менгарвыканкаме мне заявілі, што адмову яны выслалі поштаю. Я яшчэ нічога не атрымаў, а прычыну адмовы вусна мне назваць адмовіліся, — сказаў Скрабец. — Гэта азначае толькі тое, што ўлады баяцца нашай салідарнасьці і не дазваляюць правядзеньне менавіта такіх мітынгаў нават на ўскраіннай плошчы Бангалор».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?