Беларускі радыётэлевізійны цэнтр перадачы паведаміў пра тое, што

прыём гукавой эфірнай праграмы «Сталіца» будзе здзяйсняцца на частаце 105,1 МГц, на якой працавала зачыненае «Аўтарадыё».

Тое ж пацвердзіў і дырэктар радыё «Сталіца» Алег Міхалевіч. Але сказаў, што пераход з УКХ у ФМ дыяпазон адбудзецца дзесьці ў красавіку.

Дырэктар «Аўтарадыё» Юрый Базан адзначыў, што цяпер іх дакументы на выдзяленне частаты знаходзяцца ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі, куды іх перадалі з Мінінфармацыі. Хаця ў «Аўтарадыё» праплачана за частату да 31 сакавіка 2012.

Юрый Базан пакуль не атрымаў ніякіх афіцыйных адмоваў.

І не разумее, як «Сталіцы» перадалі частату 105,1 МГц. Па яго словах, Міністэрства інфармацыі павінна праводзіць адкрыты конкурс. Але сп. Базан не ведае, каб ён адбыўся. Хіба толькі «паціху». «Дзяржава ператвараецца ў злодзея», — адзначыў ён.

Нагадаем, 12 студзеня 2011 рэдакцыя «Аўтарадыё» атрымала прадпісанне Мінсувязі аб спыненні дазволу на права выкарыстання частот. Загад аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё» быў вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. На ім стаяў подпіс старшыні камісіі Алега Праляскоўскага.

Афіцыйнай прычынай пазбаўлення радыёстанцыі частот стала «невыкананне творчай канцэпцыі і распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

Падчас выбарчай кампаніі «Аўтарадыё» пускала ў эфір ролікі кандыдатаў у прэзідэнты Саннікава і Някляева, дзе тыя заклікалі прыходзіць «на плошчу».

З 1999 «Аўтарадыё» працавала на частаце 67,7 МГц. З 2001 да яе дадалася яшчэ адна частата — 105,1 МГц.

***

Як зачынялі «Радыё 101,2 FM»

31 жніўня 1996 года а 20-й гадзіне спыніла працу незалежная беларускамоўная радыёстанцыя «Радыё 101,2». Яно праіснавала трошкі больш за год. Зарэгістраваная ў 1994 годзе, яна пачала працу ў лёсавызначальным для Беларусі ліпені 1994-га. На момант закрыцця «Радыё 101,2» заставалася адзіным некантраляваным уладамі электронным СМІ. Афіцыйна тлумачылася, што праца радыёстанцыі прыпыняецца часова. Прычына — нібыта перадатчык станцыі на частаце 101,2 МГц перашкаджае працы ўрадавай сувязі. Рэдакцыі абяцалі, што пасля пераносу перадатчыка станцыя адновіць працу. Але гэтага не здарылася. Перадатчык, які нібыта перашкаджаў урадавай сувязі, без усялякіх праблем пачаў выкарыстоўвацца іншымі радыёстанцыямі. Ён дагэтуль эксплуатуецца FM-станцыяй, што належыць пралукашэнкаўскаму Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?