З сярэдзіны года Міністэрства аховы здароўя ўзмоцніць кантроль за выкананнем правілаў водпуску лекаў у аптэках,
паведаміў намеснік міністра Генадзь Гадавальнікаў 28 сакавіка ў Мінску на навукова-практычнай канферэнцыі «Лекавыя сродкі Беларусі».
«З сярэдзіны года мы будзем надаваць велізарную ўвагу жорсткаму раздзяленню, што рэалізуецца па рэцэпце, а што — без рэцэпта,
 — заявіў ён, звяртаючыся да работнікаў аптэк. — Адразу рыхтуйцеся і настройвайцеся, каб строга выконваць правілы рэалізацыі лекаў з аптэк».

Як заявіла галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па клінічнай фармакалогіі Ларыса Гаўрыленка, сёння ў Беларусі лекі рэцэптурнага водпуску часта прадаюць без рэцэпта, у тым ліку такія моцнадзейныя, як антыбіётыкі, антыбактэрыяльныя прэпараты. Атрымала распаўсюджанне практыка, калі ўрач замест таго, каб выпісаць рэцэпт, дае пацыенту адрыўныя талончыкі, кавалкі паперы і таму падобнае з назвай рэкамендаванага прэпарата.

Акрамя таго, заявіла Гаўрыленка, для Беларусі сёння ўсё больш актуальная праблема безадказнага самалячэння, множнага прымянення хворымі бактэрыяльных прэпаратаў, антыгіпертэнзійных сродкаў і гэтак далей. Існуе праблема выкарыстання для самалячэння хворымі тых сродкаў і метадаў, якія не маюць доказнай базы іх эфектыўнасці і бяспекі. У прыватнасці размова ідзе пра біядабаўкі, гомеапатычныя сродкі.

Між тым, падкрэсліла спецыяліст, у краіне распрацаваны дакладныя крытэрыі аднясення лекаў да безрэцэптурных: адсутнасць значных пабочных рэакцый, у тым ліку адтэрмінаваных рэакцый (канцэрагенных, тэратагенных, мутагенных уздзеянняў), а таксама рэакцый, якія ўзнікаюць пры раптоўнай адмене прэпарата. Безрэцэптурныя лекі павінны валодаць вялікай шыратой дзеяння, мець нізкую рызыку развіцця спецыфічных відаў таксічнасці, павінны мець простую схему прыёму і дзіцячыя дазіроўкі. Павінен існаваць вопыт прымянення гэтых лекаў у пэўнай лекавай форме і рэжыме дазавання не менш як пяць гадоў, падкрэсліла Гаўрыленка. Спосаб прымянення не павінен патрабаваць удзелу медработніка. Не павінна быць выражаных абмежаванняў па прыёме лекаў для дзяцей, састарэлых і цяжарных і г.д.

Як паведаміла дэкан фармацэўтычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валянціна Кугач, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя пералік лекаў, якія могуць быць рэалізаваны без рэцэпта, налічвае прыкладна тысячу найменняў (без уліку лекавых форм). Усяго ж у Беларусі зарэгістравана прыблізна 6 тыс. найменняў медпрэпаратаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?