Старшыня камітэта па замежных справах літоўскага сейма Эмануэліс Зінгерыс мяркуе, што працяг дыпламатычнага канфлікту Еўрасаюза з афіцыйным Мінскам можа скончыцца рашэннем аб выдварэнні ўсіх паслоў Беларусі з краін ЕС. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

У адказ на ўвядзенне санкцый Беларусь вырашыла не запрашаць назад паслоў ЕС, адкліканых для кансультацый, зазначыў ён. «Гэтыя меры Беларусі могуць выклікаць іншыя меры ў адказ з боку ЕС. Рашэнне аб гэтых мерах яшчэ не прынята, але я не хацеў бы, каб усё скончылася б рашэннем выдварыць усіх паслоў Беларусі з краін ЕС», — сказаў палітык.

«Я б прапанаваў не загуляцца і перагледзець сваё рашэнне аб невяртанні паслоў ЕС у Мінск.
Калі ж канфлікт атрымае працяг, гэта можа скончыцца вяртаннем усіх паслоў Беларусі ў Мінск з усіх сталіц Еўрапейскага саюза», — заявіў Зінгерыс.

***

Нагадаем, 23 сакавіка міністры замежных спраў 27 краін ЕС на пасяджэнні ў Бруселі прагаласавалі за пашырэнне «кропкавых» санкцый супраць Беларусі за кошт 29 кампаній і 12 прыватных асоб. Размова ідзе пра суддзяў, пракурораў і бізнесменаў, якія адказныя, з пункту гледжання ЕС, за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама падтрымліваюць уладу Лукашэнкі або з’яўляюцца яе бенефіцыярамі.

Такім чынам, зараз у чорным спісе ЕС 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі.

Рашэнне аб пашырэнні санкцый выклікана тым, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан паводле вынікаў пасяджэння ў Бруселі.

Санкцыі выкарыстоўваюцца для таго, каб пераканаць беларускія ўлады ў неабходнасці вызваліць палітзняволеных, падкрэсліла яна. Дзеянні Еўрасаюза, паводле слоў Эштан, павінны пераканаць беларускія ўлады ў неабходнасці вызвалення палітзняволеных і вяртання на шлях канструктыўных адносінаў з краінамі — членамі ЕС.

Папярэднім разам чорны спіс быў пашыраны 27 лютага, пасля чаго беларускія ўлады рэкамендавалі двум дыпламатам, кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі і паслу Польшчы, выехаць у свае краіны «для кансультацый» са сваім кіраўніцтвам. У адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

23 сакавіка, пасля таго як стала вядома пра новае пашырэнне санкцый, МЗС Беларусі заявіла: «Беларускі бок не бачыць неабходнасці ў прысутнасці на тэрыторыі Беларусі адкліканых паслоў дзяржаў», якія прагаласавалі за рашэнне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да прыватных асоб і прадпрыемстваў Беларусі.

Наступным днём прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных удакладніў: паслы ЕС, якія пакінулі Мінск, не з’яўляюцца ў Беларусі персонамі нон грата, але іх вяртанне дачаснае. «Калі Еўрасаюз знойдзе шлях да канструктыўнага дыялогу, мы будзем гатовы бачыць паслоў краін ЕС у Мінску, дзе яны змогуць заняцца сваімі непасрэднымі дыпламатычнымі абавязкамі, а менавіта працай па ўмацаванні добрасуседскіх адносінаў паміж нашымі краінамі», — заключыў прэс-сакратар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?