Не выключана, што ў будучым Нацыянальная акадэмія навук Беларусі будзе рэфармавана. Аб гэтым паведаміў сёння ў Гомелі на сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў.

Паводле слоў Аляксандра Радзькова, цяпер неабходна вызначыцца ў цэлым са стратэгіяй дзейнасці галоўнай навуковай установы краіны. У часы Савецкага Саюза, калі беларуская навука з’яўлялася часткай агульнасаюзнай сістэмы, выдзяляліся вялікія рэсурсы на правядзенне фундаментальных даследаванняў. Цяпер такіх магчымасцей няма.

«Навошта нам, напрыклад, тры інстытуты эканомікі ў акадэміі навук? Інстытут філасофіі можна было б перавесці ў адну з ВНУ,
а інстытут машынабудавання перадаць Міністэрству прамысловасці, устанавіўшы пры гэтым двайное кіраванне ім. Неабходна вызначыцца і па некаторых іншых напрамках», — лічыць Аляксандр Радзькоў.

Магчыма, будзе больш мэтазгодна пайсці па шляху тых дзяржаў, дзе даследаванні засяроджаны ва ўніверсітэтах, на прадпрыемствах і даюць рэальны эфект. Гэта не значыць, што трэба перакрэсліць накопленыя традыцыі і страціць нацыянальную навуковую школу. Пытанне ў тым, што неабходна знайсці баланс паміж магчымасцямі дзяржавы і аддачай, якую можа прынесці народнай гаспадарцы навука, адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?