Эўрастат апублікаваў параўнальную табліцу рэгіянальных паказчыкаў узроўню ВУП на душу насельніцтва ў ЭЗ. Аналіз грунтуецца на паказчыках 2004 г. Паказчыкі вагаюцца паміж 24% і 303% ад сярэднеэўрапейскага ўзроўню.
Згодна з дадзенымі Статыстычнай службы Эўрапейскіх супольнасьцяў, найбольш забясьпечанымі рэгіёнамі ЭЗ зьяўляюцца Лёндан (303 % ад сярэднеэўрапейскага ўзроўню ВУП на душу насельніцтва), Люксэмбург (251 %), Брусэль (248 %), Гамбург (195 %), Вена і Іль‑дэ‑Франс (французскі рэгіён, што ўключае Парыж і яго ваколіцы – 175 %). Найбольш беднымі зьяўляюцца паўночна‑ўсходнія раёны Румыніі (24 % ад сярэднеэўрапейскага ўзроўню ВУП на душу насельніцтва), а таксама паўночна‑заходнія і цэнтральныя рэгіёны Баўгарыі (26%).
Сярод 15‑ці самых бедных рэгіёнаў ЭЗ Эўрастат называе 7 румынскіх, 5 баўгарскіх і 3 польскіх. Сярод самых заможных рэгіёнаў найбольшая колькасьць знаходзіцца ў Нямеччыне (4) і Злучаным Каралеўстве (3).
Сярэдні ўзровень ВУП на душу насельніцтва ў Эўразьвязе складае 21 503 эўра (дадзеныя 2004 г.).