Мы зьвяртаемся да вас, хрысьціяне: праваслаўныя, каталікі, эвангельскія хрысьціяне, а таксама ўсе людзі добрага сумленьня. У сёньняшні час, няпросты для Беларусі, нам трэба аб'яднацца для паста і малітвы - каб прасіць Божай міласьці для ацаленьня нашай нацыі.

Час сапраўды складаны. "І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці. І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад зла, падпадае пад зьнявагу. І Госпад убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду" (Ісая, 59:14-16).

Лік разводаў перавышае лік шлюбаў, кожнае чацьвертае дзіця нараджаецца па-за шлюбам, кожны трэці мужчына крануты алькагалізмам, у адносінах паміж людзьмі пануюць злоба, хамства і хлусьня. Многія хрысьціянскія сьвятыні зьняважаныя, а хрысьціянаў караюць за малітву ля іх сьценаў. Цемра атэізму, нэапаганства, бязглуздага спажывецтва, агрэсіўнага эгаізму ахінула краіну.

Аднак "шмат можа ўзмоцненая малітва праведнага" (Якуба, 5:16). Менавіта Госпад, сапраўдны Творца гісторыі, можа даць Сваю, так неабходную нам дапамогу, - калі знойдуцца верныя, гатовыя стаць цьвёрда ў малітве за сваю краіну.

Для гэтага давайце разглядаць кожную пятніцу як дзень усеагульнага зьмірэньня, паста і малітвы.

У гэты дзень, штопятніцы, а 20.00 вечара зьвернем нашыя сэрцы да Магутнага Бога і ў адзінстве ўзьнясём малітвы аб міласьці і ласцы для нашай нацыі. Прадметам нашых асаблівых, найбольш старанных малітваў мусяць стаць просьбы аб тым, каб праўда і справядлівасьць узялі верх на нашай зямлі, а ўсялякае беззаконьне было пасаромлена.

Нашае грамадзтва стамілася ад бязьвер'я, абыякавасьці і страху. Мы хочам, каб стандартам чалавечых узаемадачыненьняў - ад найвышэйшых уладаў да самых бедных і непрыкметных грамадзянаў - стала ўзаемная павага, еднасьць у Духу Сьвятым, а арыенцірам - Дзесяць Прыказаньняў Божых.

Таму мы прапануем усім людзям, вернікам розных канфэсіяў, праводзіць гэты дзень згодна з прынятымі формамі іх веравызнаньня, каб аб'яднаная наша малітва была пачутая Госпадам і прынесла дабраславеньне, ісьціну і свабоду ў нашу краіну.

Як напісана ў Слове Божым: "І зьмірыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і пачнуць шукаць аблічча Майго, і зьвернуць з кепскіх шляхоў сваіх… то Я пачую зь нябёсаў, і прабачу грахі іхныя, і ацалю зямлю іх" (2 Кніга Хронік, 7:14).

Будзем маліцца за Беларусь!

Айцец Ян Майсейчык, грэка-каталік, пастар Эрнст Сабіла, эвангельскі хрысьціянін, пастар Андрэй Сідар, эвангельскі хрысьціянін, бр. Aляксандар Пісарук (OFM), каталік, бр. Пётра Рудкоўскі (ОР), каталік, бр. Апалінар Нікалаеў (манах рэдэмптарыст CSSR), грэка-каталік, бр. Зьміцер Чарнель (манах-рэдэмптарыст CSSR), грэка-каталік, Павал Севярынец, праваслаўны, Віталь Рымашэўскі, праваслаўны, Генадзь Семянчук, праваслаўны, Анатоль Трафiмчык, праваслаўны, Мікалай Арцюхоў, каталік, Алесь Аўдзяюк, грэка-каталік, Вольга Барок, эвангельская хрысьціянка, Людміла Белая, эвангельская хрысьціянка, Аляксандар Белы, каталік, Антон Францішак Брыль, каталік, Сяржук Варабей, грэка-каталік, Тацяна Волчак, эвангельская хрысьціянка, Эдвард Галустаў, каталік, Алесь Гелагаеў, каталік, Вольга Грачова, эвангельская хрысьціянка, Iгар Гурын, эвангельскі хрысьціянін, Зьміцер Дашкевіч, эвангельскі хрысьціянін, Дзьмiтры Дзегцяроў, эвангельскі хрысьціянін, Георгі Дзьмітрук, эвангельскі хрысьціянін, Алесь Жлутка, каталік, Вольга Елiсава, эвангельская хрысьціянка, Алена Зяленка, каталічка, Андрэй Катлярчук, хрысьціянін, Алег Крымоўскi, эвангельскі хрысьціянін, Iрына Куцуха, эвангельская хрысьціянка, Ірына Лаўроўская, каталічка, Натальля Лаўроўская, каталічка, Юры Лаўроўскі, каталік, Юры Лескавец, эвангельскі хрысьціянін, Сяргей Панасевіч, грэка-каталік, Аксана Радзевiч, эвангельская хрысьціянка, Марыя Савушкіна, эвангельская хрысьціянка, Альбіна Семянчук, каталічка, Юры Сьмірноў, эвангельскі хрысьціянін, Леанід Ульскі, каталік, Міхась Чыжык, эвангельскі хрысьціянін, Канстанцін Шастоўскі, грэка-каталік, Кастусь Шытль, каталік, Валянцiна Шычко, эвангельская хрысьціянка, Аляксей Шэін, эвангельскі хрысьціянін, Юлiя Янкоўская, эвангельская хрысьціянка.

Зварот адкрыты да падпісаньня. Усе, хто гатовы падтрымаць гэтую прапанову, могуць дадаць свой подпіс праз электронную пошту [email protected]

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0