Прэзентацыя прайшла ў Арт-Сядзібе (Куйбышава, 22, ГЦ «Гарызонт»).

Імпрэза была вельмі хатняй. Сціплае памяшканне не дазволіла б умясціць усіх ахвотных убачыць славутага мастака, таму Марачкін шырока яе не анансаваў.

Прыйшлі літаральна трыццаць чалавек, кожнага з якіх мастак запрасіў асабіста — Генадзь Бураўкін, Віктар Івашкевіч, Анатоль Вярцінскі, Вінцук Вячорка.
Павіншаваць мастака прыйшоў і яго вучань Андрусь Такінданг, вакаліст гурта Recha, якога Марачкін вучыў жывапісу.

За дзве гадзіны імпрэзы

Марачкін прэзентаваў сем карцінаў,
якія не змаглі трапіць на яго «афіцыйныя» выставы.
Гваздом праграмы былі згаданыя «Два генералы» — дзве чалавечыя постаці — старэйшы і з вусамі, падперазаны вяроўкай, з пугай у руках, і малы; побач — стары пабіты сабака; удалечыні бачныя гіганцкія коміны — такія бываюць у атамных станцый; за імі — уздымаецца (ці сядае?) сонца.

Іншыя карціны таксама маюць празрыстыя сэнсы. Напрыклад, «Дарога ў Гыагу» (менавіта праз літару «ы»), на якой персанажа вядуць пад канвоем.

Астатнія творы зусім новыя — нават фарба яшчэ не абсохла на некаторых.
Яны выкананыя ў больш класічнай манеры.

Падчас сяброўскай імпрэзы

Марачкін чытаў вершы і нават праспяваў некалькі ўласных песняў — такіх жа асацыятыўных, як яго карціны.

30 сакавіка — гэта і дзень народзінаў Вінсэнта Ван Гога. «Я хацеў напісаць на дзень народзінаў сланечнікі, — смяецца Марачкін, — але вырашыў, што не маю задачы дагнаць і перагнаць Ван Гога».

«Ты лепшы за Ван Гога, — аджартаваўся ў адказ Генадзь Бураўкін. — Бо маеш абодва вухі».

Памяшканне, дзе прэзентаваў новыя творы адзін з найлепшых беларускіх мастакоў сучаснасці было такім цесным, што болей за дзве карціны на імправізаванай сцэне не змяшчалася.

Прозвішча Марачкіна сёння насцярожвае дырэкцыю любой дзяржаўнай галерэі.

* * *

Вось так выглядае новая карціна «Два генералы, пуга і сабака»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?