У нумары «Нашай Нівы» ад 7 сакавіка 2012 г. быў змешчаны артыкул Сяргея Ваганава «Невядомая гісторыя». Ён настолькі мяне закрануў, што я проста не мог пакінуць яго без увагі.

Па-першае, трэба адзначыць зняважлівы і нават абразлівы тон артыкула Сяргея Ваганава, што проста дзіўна для такога выдання, як «Наша Ніва». Тым больш, што яго «праведны» савецка-“патрыятычны” гнеў скіраваны супраць Анатоля Тараса — чалавека, якія заснаваў і вось ужо каторы год выдае кніжную серыю «Невядомая гісторыя», дзе раскрываюцца балючыя і знакавыя для беларусаў гістарычныя падзеі.

Дзякуючы працы Анатоля Тараса, пабачылі свет надзвычай змястоўныя і інфарматыўныя выданні па гісторыі Беларусі розных перыядаў. І, што самае важнае, кніжкі з гэтай серыі супрацьстаяць ілжывай афіцыйнай лукашэнкаўскай прапагандзе, адкрываючы беларусам вочы на сапраўдную гісторыю.

Што ж прымусіла Сяргея Ваганава абрынуцца ў найгоршых савецкіх традыцыях на Анатоля Тараса? Нагодай стала кніжка серыі аўтарства Сяргея Захарэвіча «Партизаны СССР. От мифов к реальности».

Спадару Ваганаву не падабаецца, што аўтар ставіць пад сумнеў гіпербалізаваную савецкімі ідэолагамі ролю партызанскага руху ў барацьбе з нямецкай акупацыяй.

Не падабаецца Ваганаву і горкая праўда пра зверствы партызанаў, рабаўніцтва мірнага насельніцтва, амаральныя паводзіны і г.д. Пры гэтым, у сваёй аргументацыі Ваганаў смела ідзе на падмену паняццяў. Так, спадар Ваганаў не згодны з высновамі аўтара аб тым, што так званая рэйкавая вайна была «тыповым савецкім ашуканствам». І як доказ сваёй праваты расказвае шчымлівую гісторыю пра свайго сябра Хведзю Бычылу, які страціў нагу падчас падрыву нямецкага эшалона і атрымаў за гэта ордэн.

Няўжо ж такі адукаваны і дасведчаны журналіст як Ваганаў не разумее простай розніцы паміж лакальным эпізодам вайны (падрыў цягніка) і маштабнай усебеларускай партызанскай аперацыяй, у якой былі задзейнічаныя дзясяткі тысяч партызанаў (менавіта так падаецца «рэйкавая вайна» савецкай і лукашэнкаўскай прапагандай)?

Аўтар кнігі не адмаўляе, што партызаны падкладалі выбухоўку пад рэйкі, ён ставіць пад сумнеў (дарэчы, вельмі пераканаўча) менавіта маштабнасць і эфектыўнасць гэтых дзеянняў.

Як чалавек, які цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны, падам адзін толькі факт.

Партызаны па загадзе з Масквы праводзяць «рэйкавую вайну» узрываюць сотні кіламетраў чыгункі, пускаюць пад адхон дзясяткі (калі не сотні) эшалонаў з ваеннай тэхнікай -- так кажа савецкая прапаганда. А немцы ў гэты ж час спакойна перавозяць праз Беларусь некалькі танкавых дывізій (цэлая чыгуначная армада) з-пад Курскай дугі ў Італію, дзе пачалася аперацыя саюзных войскаў, і не зазнаюць ніякіх праблем.

Далей Ваганаў грэбліва называе «прымітыўнай кан’юнктуршчынай» пацверджаныя фактамі сцвярджэнні аўтара пра злачынствы партызан супраць мірнага насельніцтва (рабаванні, забойствы, здзекі). Значыць,

па логіцы спадара Ваганава, і Васіль Быкаў быў «прымітыўным кан’юнктуршчыкам», калі пісаў пра гэта ў сваіх вядомых творах: «Круглянскі мост», «На балотнай сцяжыне», «Доўжык», «Ружовы туман»
і іншых. Трэба спадару Ваганаву азнаёміцца з найвыдатнейшай дакументальнай кнігай успамінаў Іллі Копыла «Нябышына. Вайна».
Хай прачытае пра тое, як партызаны забіралі апошнюю ежу, забівалі жанчын.
А пасля вайны пісалі кніжкі, што тры разы грамілі нямецкія гарнізоны ў вёсцы, дзе гэтых самых гарнізонаў не было на працягу ўсёй акупацыі. Хай прачытае кніжку Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна» (пра вёску, якую партызаны спалілі разам з жыхарамі). А сведчанняў такіх па ўсёй Беларусі процьма! Нават у адкрытых архівах ёсць такія звесткі.

Не прымае спадар Ваганаў і сцвярджэння аб тым, што Масквой ставіўся загад партызанам правакаваць акупацыйныя ўлады на акцыі застрашвання мірнага насельніцтва. Дык нават, чытаючы савецкія кніжкі, можна зрабіць такую выснову. З аднаго боку сотні тысяч партызан, цэлыя партызанскія зоны, сельсаветы з савецкай уладай, немцы, якія нават баяцца выехаць з гарадоў. А з іншага боку -- спаленыя акупантамі беларускія вёскі, якія партызаны чамусьці не імкнуліся ратаваць. Як, напрыклад, вёсачка Лозкі ў Калінкавіцкім раёне, якую спалілі пасля забойства некалькіх нямецкіх салдатаў. Спаліла рота карнікаў. У той час, як у навакольных лясах адседжвалася цэлая партызанская брыгада! Дык ці ж не правакацыя гэта, спадар Ваганаў? І палілі ж да самага прыходу Савецкай Арміі, нават летам 1944 года! Дык чаму ж партызны не абаранялі людзей?

Верхам жа цынізму, з’яўляецца, на мой погляд, «перл» спадара Ваганава пра тое, што такія кнігі горшыя нават за лукашэнкаўскія, бо «адмаўляюць удзел беларусаў у еўрапейскім… Супраціве фашызму…»

Не зразумела толькі, як вяжацца супраціў фашызму і «рэквізіцыя» партызанамі ў шматдзетнай сям’і каровы зімой (а гэта верная смерць) ці забойствы настаўнікаў толькі за тое, што яны вучылі дзяцей?
І пры чым тут увогуле такія высокія словы? Чамусьці ў 1939 г. савецкія салдаты не імкнуліся ваяваць з фашызмам, а браталіся з нямецкімі салдатамі ў Брэсце, усміхаліся ў камеры фотакарэспандэнтаў, у той час, як Гітлер і Сталін дзялілі Еўропу, падпісваючы дамовы аб сяброўстве.
Чамусьці Хведзя Бачыла не пайшоў у партызаны, калі дзясяткі тысяч беларусаў ляглі ў Курапатах атрымаўшы кулю ў патыліцу ад бальшавіцкіх катаў,
калі лепшых сялян высылалі, адпраўляючы разам з дзецьмі на верную смерць у Котлас і г.д. У партызаны ж падчас нямецкай акупацыі ішлі, бо Масква ставіла людзей у нялюдскія ўмовы, бо быў выбар — або знішчэнне сям’і і залічэнне ў здраднікі, або партызанскі атрад. І
прыгожыя словы пра еўрапейскі супраціў фашызму — гэта здзек.

Ну, а тое, што спадар Ваганаў так паважліва ставіцца да «партыйных гісторыкаў», «якія ўсё ж такі былі навукоўцамі» — гэта ўвогуле нешта страшнае.

Гэта Лаўрэнцій Цанава, які выдаў шматстаронкавы ілжывы опус пра партызанку ў Беларусі, быў гісторыкам?
Ён жа таксама працаваў з архівамі і дакументамі. Да таго ж, згодна з пячорнай логікай спадара Ваганава, можна расстрэльваць невінаватых, ссылаць, катаваць, але змаганне з фашызмам усё спіша? І трэба бальшавіцкаму кату Ваўпшасаву несці кветкі і ставіць помнікі, бо ён жа «змагаўся з фашызмам». А тое, што ён разам са сваімі вылюдкамі знішчыў тысячы і тысячы бязвінных людзей? А пра гэта спадар Ваганаў, як вынікае з яго разваг, прапануе забыць.

Напрыканцы ж, хацелся б адзначыць, што

пакуль мы не будзем адкрыта, ва ўвесь голас казаць (перш за ўсё, школьнікам і студэнтам) пра злачынствы бальшавіцкага рэжыму, у тым ліку і здзейсненыя савецкімі партызанамі падчас нямецкай акупацыі, пакуль мы не пачнём катаў называць катамі, не зважаючы на тое, што яны бралі ўдзел, як кажа Ваганаў, у «еўрапейскім супраціве фашызму», нас чакае далейшая маральная дэградацыя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?