Беларусь гатова да будаўніцтва другой АЭС, аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкіа Амана, які знаходзіцца з візітам у Мінску.

«Калі будзе ваша садзейнічанне, падтрымка і адпаведныя ўмовы, мы гатовыя і другую атамную станцыю пабудаваць у Беларусі», — сказаў Лукашэнка.

Ён цвёрда перакананы, што ядзерная энергетыка — гэта найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі.
«Я цвёрда перакананы, што ядзернай энергетыцы быць і што гэта найбольш бяспечная сфера і найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі, у якой свет будзе мець усё большую патрэбу», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свет перажывае асаблівы перыяд у развіцці мірнага атама пасля вядомых падзей у Японіі і праблем з ядзернай электрастанцыяй «Фукусіма», узнікшых пасля гэтай катастрофы рэакцыі і намераў Германіі і іншых краін згарнуць ядзерныя праекты. «У гэты асаблівы перыяд мы цвёрда і адназначна заяўляем аб тым, што мы не проста маем намер пабудаваць атамную электрастанцыю, але і пачалі яе будаўніцтва», — сказаў ён.

«Я лічу, што МАГАТЭ — арганізацыя, вельмі зацікаўленая ў тым, каб такія, вядома ж, бяспечныя праекты ў свеце рэалізоўваліся. Таму мы вельмі спадзяёмся, што пан Амана, як і папярэднія кіраўнікі гэтага агенцтва, акажа нам сур’ёзную маральную падтрымку ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі», — адзначыў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва АЭС праходзіць у краіне, якая найбольш сур’ёзна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

«І тое, што сёння насельніцтва — нам гэта ўдалося зрабіць — падтрымлівае гэты праект, вельмі сімптаматычна»,
 — сказаў ён.

Звяртаючыся да Юкія Амана, Лукашэнка выказаў надзею, што, пазнаёміўшыся з Беларуссю і ўбачыўшы ўсё на ўласныя вочы, ён зробіць для сябе пэўныя вывады аб тым, як працаваць з Беларуссю і ў якім напрамку.

У сваю чаргу госць падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца вельмі важным партнёрам для МАГАТЭ, паколькі ў краіны ёсць свой сумны вопыт у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Ён адзначыў, што аварыя на «Фукусіме» сур’ёзна падарвала давер людзей да атамнай энергетыкі. Некаторыя краіны, такія як, напрыклад, Германія, вырашылі ўстрымацца ад выкарыстання ў далейшым атамнай энергіі, але некаторыя дзяржавы прынялі рашэнне яе развіваць. «Кожная краіна мае патрэбу ў развіцці энергетыкі, паляпшэнні жыцця свайго насельніцтва, і ў сувязі з гэтым з’яўляецца важным рашэнне аб выкарыстанні атамнай энергіі», — лічыць гендырэктар МАГАТЭ.

***

Нагадаем, што першую АЭС з дапамагой Расіі мяркуецца ўвесці на каля мяжы з Літвой, у Астравецкім раёне. Увод першага блоку заплнаваны на 2017 год, другога блоку — на 2017–2018 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0