Сёлета спаўняецца 50 гадоў перакладніцкай дзейнасьці Веры Рыч. Ейны першы пераклад на ангельскую зь беларускае быў надрукаваны ў мюнхэнскай газэце «Бацькаўшчына» ў тым самым 1957 г., калі яе рэдагаваў Станіслаў Станкевіч.

Гэта лёнданскія беларусы прапанавалі спн.Веры заняцца перакладамі зь беларускае, даведаўшыся, што яна перакладае з украінскае.

Яна пераклала Купалу, Коласа, Арсеньневу, Багдановіча, Гаруна, Цётку, Геніюш, Бядулю, Крапіву, Іпатаву, Гілевіча ды іншых.

Некаторыя пераклады вершаў беларускіх паэтаў паводле Веры Рыч можна паглядзець тут

* * *

Вера Рыч (Vera Rich)

Нарадзілася 24 красавіка 1936 г. Беларускую вывучыла яшчэ ў школе.

У 1960 г. выходзіць ейны першы зборнік паэзіі «Outlines» («Абрысы»), дзе публікуецца ангельскі пераклад урыўку з Коласавай паэмы «Сымон‑музыка» («Песьня аб званох»).

1963 г. — выходзіць другі зборнік ейных вершаў «Portents and Images» («Знакі й вобразы») зь вершам «On the Anniversary of the Slucak Uprising» («На ўгодкі Слуцкае бітвы»), а таксама перакладамі Багдановічавага «Рамансу» і ўрыўку з Коласавага «Сымона‑музыкі».

У 1969 г. часопіс «Nature» прапаноўвае спн.Веры працаваць карэспандэнтам на Ўсходнюю Эўропу ды СССР, але, нягледзячы на ейную пасаду, у Беларусь яна трапіла толькі ў 1991. Пасьля яна прыяжджала ў Беларусь раз на год ці паўгоду.

У 1971 г., праз дваццаць гадоў працы над беларускімі перакладамі, пад патранатам ЮНЭСКО выйшла першая ў сьвеце анталёгія беларускай паэзіі на заходняй мове «Like Water, Like Fire: An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day» («Як вада, як агонь: Анталёгія беларускае паэзіі ад 1828 г. да сучаснасьці»). Але пад ціскам савецкіх цэнзараў (Главлит) гэту кнігу выдалілі з продажу ў Савецкім Саюзе з прычыны непаліткарэктнасьці.

У 1977‑м выходзіць пераклад «Тараса на Парнасе» (пераклалі Вера Рыч ды Арнольд Макмілін).

У 2004‑м выходзіць новы зборнік беларускай паэзіі ў перакладзе Веры Рыч «Poems on Liberty: Reflections for Belarus» («Вершы на Свабоду: Роздумы пра Беларусь»).

У 1970—1990‑ыя Вера Рыч шчыльная супрацоўнічала з дэмакратычнымі рухамі і рухамі ў абарону правоў чалавека у Савецкім Саюзе і краінах‑«спадарожніцах». Працавала ў Польшчы («Салідарнасьць») і Вугоршчыне — часам трапляла ў непазьбежныя сутычкі з агентамі бясьпекі.

Сярод узнагародаў варта адзначыць прэмію імя Івана Франка (у гонар 40‑гадовага служэньня ўкраінскай літаратуры).

Цяпер працягвае працу над перакладам «Новай Зямлі» Якуба Коласа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?