У беларускай электраэнергетыцы плануецца правесці шэраг рэформ. Гэта прадугледжана праектам канцэпцыі закона аб электраэнергетыцы, які сёння разглядаўся на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна пад старшынствам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Як расказаў, прадстаўляючы праект канцэпцыі, міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, плануецца рэфармаванне электраэнергетычнай галіны, падзел відаў эканамічнай дзейнасці ў электраэнергетыцы на выпрацоўку электраэнергіі, яе перадачу і размеркаванне, а таксама фарміраванне рыначных структур, гарманізацыя заканадаўства ў названай сферы.

Падзел відаў эканамічнай дзейнасці ў галіне будзе садзейнічаць стварэнню эканамічных стымулаў па зніжэнню затрат суб’ектаў электраэнергетыкі, забеспячэнню празрыстасці фінансавых патокаў у галіне. Электраэнергетычны рынак будзе падзелены на два ўзроўні — аптовы і рознічны. Будуць прыняты меры для паступовага адыходу галіны ад перакрыжаванага субсідзіравання.

«Прадугледжваецца вылучыць са складу ДВА „Белэнерга“ шляхам пераўтварэння ў адпаведныя суб’екты электраэнергетыкі аператара оптаэнергетычнага рынку, сістэмы сеткавага аператара, энергазабеспячальнай арганізацыі і арганізацыі, якая выпрацоўвае электраэнергію»,

— растлумачыў Аляксандр Азярэц. Функцыі па забеспячэнню эфектыўнага развіцця галіны і яе суб’ектаў плануецца ўскласці на кіруючую арганізацыю. Прадугледжваецца таксама стварыць умовы для фарміравання розных форм аб’яднанняў суб’ектаў у электраэнергетыцы, у тым ліку такіх, як холдынгі.

Прыняцце праекта канцэпцыі закона аб электраэнергетыцы дасць магчымасць стварыць аснову для прававога рэгулявання адносін у галіне, замацаваць аснову дзяржаўнай палітыкі ў галіне гэтых адносін і будзе садзейнічаць мадэрнізацыі структуры кіравання электраэнергетыкай, павышэнню яе эфектыўнасці, умацаванню энергабяспекі краіны, надзейнасці электразабеспячэння, прыцягненню інвестыцый у галіну, а таксама мадэрнізацыі заканадаўства ў АЭП і ЕўрАзЭС.

Плануецца заканадаўча замацаваць асноўныя прынцыпы ажыццяўлення дзейнасці ў электраэнергетыцы, прававыя асновы электраэнергетычнага рынку, паўнамоцтвы ўрада і дзяржорганаў у галіне, у тым ліку па ажыццяўленню дзяржаўнага энерганагляду. Будуць таксама вызначаны асноўныя палажэнні па фарміраванню цэн і тарыфаў на электраэнергію, а таксама ўмовы выканання Беларуссю сваіх абавязацельстваў па міжнародных дагаворах.

У час абмеркавання праекта канцэпцыі члены ўрада агучылі шэраг заўваг па дакументу. Міхаіл Мясніковіч даручыў дапрацаваць дакумент на працягу месяца. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў дакуменце павінны быць адлюстраваны пытанні развіцця адносін электраэнергетычнай галіны і дзяржавы. «Гэтага адказу чакаюць і вытворцы, і спажыўцы», — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр звярнуў асаблівую ўвагу, што пры падрыхтоўцы канцэпцыі неабходна ў абавязковым парадку ўлічваць неабходнасць павышэння энергабяспекі Беларусі. «Размова ідзе аб нарматыўна-прававым акце, які павінен устанавіць пэўныя эканамічныя і грамадскія адносіны ў краіне з улікам рашэнняў, прынятых у рамках АЭП», — сказаў ён. Павінна быць гарантавана поўнае і якаснае забеспячэнне галін эканомікі і насельніцтва электраэнергіяй.

Кіраўнік урада вылучыў і эканамічны блок пытанняў, які прадугледжвае ўстанаўленне аптымальных і абгрунтаваных тарыфаў у галіне. «Сёння склалася не вельмі добрая сітуацыя, калі развіццё электраэнергетыкі наогул ажыццяўляецца ўсёй краінай за кошт высокіх тарыфаў, якія нам выстаўляе энергазабеспячальнае міністэрства, — заявіў ён. — Фактычна ўся краіна за кошт высокіх тарыфаў развівае і стварае магутнасці ў нашай энергасістэме». У сувязі з гэтым прэм’ер-міністр запатрабаваў ад Мінэнерга ўнесці варыянты вырашэння абазначаных пытанняў, у тым ліку па ўдасканаленню тарыфнай палітыкі, зніжэнню ўласных выдаткаў, дэцэнтралізацыі і іншых мер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?