Яны заяўляюць, што паколькі правам прызначэння дырэктара валодае выключна рада акцыянераў, любое навязванне чыйгосьці стаўленіка недапушчальнае. Тым больш з улікам сумнеўнасці асобы кандыдата на дырэктарскую пасаду — былога старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, асуджанага за злоўжыванне службовым становішчам на 11 гадоў зняволеньня і датэрмінова вызваленага загадам Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку 2010-га.

У офісе радыёстанцыі кажуць, што бліжэйшым часам павінен адбыцца гадавы сход акцыянераў «Альфа Радыё». У парадку дня асобным пунктам значыцца пытанне прызначэння дырэктарам станцыі 40-гадовага Ягора Рыбакова
 — цяпер беспрацоўнага, а ў мінулым кіраўніка Беларускага тэлебачання. Гэты пункт акцыянеры маюць байкатаваць — прычым не толькі прыватныя асобы, а нават Міністэрства інфармацыі, якому ў прадпрыемстве належыць кантрольны пакет акцыяў.

У выпадку «праціскання» кандыдатуры Рыбакова пад санкцыі за парушэньне заканадаўства можа трапіць само «Альфа Радыё».

Судовым выракам Рыбакоў не толькі быў пазбаўлены волі і маёмасці, але яму таксама забаронена займаць адказныя пасады цягам 5 гадоў пасьля адбыцця пакарання. Ад моманту дачаснага вызвалення прамінулі два гады,
значыць, яшчэ тры гады кіраўнічыя пасады займаць нельга. Калі ж кіравацца першапачатковым прысудам, то тэрмін зняволеньня павінен быў скончыцца толькі ў 2015 годзе. Гаворыць адзін з акцыянераў «Альфа Радыё» Васіль Урыўскі — кіраўнік адкрытага акцыянэрнага таварыства «Без праблем»:
«Учора тэлефанавалі з міліцыі, пытаюцца: ён да вас прыходзіць? Мы адказваем: спадзяемся, што не. — „Дык калі вы раптам яго ўбачыце, то няхай ён прыйдзе да нас“.
Разумееце? Паводле дадзеных МУС, ён не мае права займаць такую пасаду. І, паверце, Міністэрства інфармацыі гэта ўсё правярае, ніякіх бяздумных крокаў не будзе. Проста
я мяркую, што Рыбакоў данёс да „сваіх“ няпоўную, не да канца праўдзівую інфармацыю.
З-за гэтага і ўзнялася бура ў шклянцы. Ён папросту падставіў пэўных людзей. Тыя, магчыма, падумалі, што ў яго ўсё чыста і добра. Зараз Мінінфармацыі займаецца гэтым пытаннем, яно накіравала лісты ў канкрэтныя структуры з мэтай даведацца, як і што на самой справе. Бо, само сабой, ніхто закон парушаць не збіраецца. Натуральна, міністэрства ўсе выкладкі, усю інфармацыю па гэтым чалавеку спраўдзіць».

Акцыянеры «Альфа Радыё» салідарныя ў тым, што крымінальнік на дырэктарскай пасадзе прынясе калектыву толькі праблемы. А вось хто лабіруе інтарэсы Рыбакова — на «Альфе» ня ведаюць. Адно відавочна, што гэта нехта з уплывовых чыноўнікаў, якіх мала хвалюе пазыцыя рады акцыянераў. Спачатку прадстаўленне Ягора Рыбакова калектыву было запланаванае яшчэ на 2 красавіка, аднак шум, які ўзняўся ў СМІ, такую сустрэчу бакоў прынамсі адтэрмінаваў. Васіль Урыўскі кажа, што цяпер ёсць магчымасць глыбей зазірнуць у дасье кандыдата: «Можна ж шмат кандыдатур прапанаваць і апрача Рыбакова. А

тое, што ён вось так нечакана і негадана аб’явіўся і што адразу можа заступіць на пасаду кіраўніка — канечне ж, разлік на хуткасць прасоўвання…
Каб хоць адпачатку было прадэманстравана, што ён вызвалены, рэабілітаваны, то тады прынамсі хоць ёсць сэнс пра нешта гаварыць. Але, паверце, я яго ў вочы не бачыў, не ведаю, хто яшчэ і калі ўвогуле бачыў. Ну, у міністэрства нібыта хадзіў, нешта прыносіў. Але зусім мала інфармацыі пра яго. Вось данясе ўсе паперы — будзе тады хоць бы прадмет размовы. Але пакуль патрэбных папер няма. А тое, што вядома з інтэрнэту, што МУС, аказваецца, яго хоча бачыць, — дык гэтага ж недастаткова. Як толькі звесткі сцякуцца ў Мінінфармацыі, думаю, паклічуць, паглядзім. Трэба перадусім праверыць: а ці мае чалавек такое права? Бо закон адзін, ніхто яго ні пад кога не зменіць. Прыйдуць зараз адказы на ўсе запыты, вось і атрымаем патрэбную інфармацыю».

Людзі, якія сядзелі разам зь Ягорам Рыбаковым у шклоўскай калоніі, сцьвярджаюць, што ён і там на адным месцы доўга не затрымліваўся. Так, праз нейкі час пасля прызначэння кіраўніком тэлестудыі для зняволеных ён ад пасады быў адхілены. Пакуль не складаецца з працай і на волі.

Пасля вызвалення ўвесну 2010 года Рыбакоў спрабаваў працаўладкавацца ў Маскве, але затрымацца там не ўдалося. Цяпер — спроба скарыць «Альфа Радыё».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?