Гарадзенская інтэрнэт‑прастора пашыраецца. Моладзевае інтэрнэт‑выданьне «Твой стыль» падрыхтавала 2‑і выпуск віртуальнай газэты. Робяць газэціну вучні гарадзенскай «Школы маладога журналіста», што сёлета адзначае сваё 10‑ці годзьдзе

Газэта «Твой стыль» ствараецца высілкамі гарадзенскіх журналістаў – вучняў Школы маладога журналіста. У цэлым выданьне складае ўражаньне гарадзкога блогу прафэсійнага ўзроўню. У хуткім часе запрацуе аднайменнае он‑лайн радыё. Ужо цяпер усе ахвочыя запрашаюцца да працы на будучым радыё і ў газэце. Жадаючым прапануецца бясплатнае навучаньне, дзеля чаго будуць зладжаныя майстар‑клясы.

Газэта мае колькі разьдзелаў, сярод якіх «Вір жыцьця», «proСпорт», «ZOOM», «Культурыстыка». Выданьне не ўнікае вострых пытаньняў, друкуе гутаркі з забароненымі літаратарамі, паведамляе пра звальненьне «апазыцыйнага» прафэсара Астроўскага зь мясцовага мэдунівэрсытэту, піша пра мясцовыя цікавосткі.

Варта адзначыць, што Школа маладога журналіста, чые навучэнцы займаюцца новым інтэрнэт‑праектам, адзначыла сёлета 10 год дзейнасьці. Першы набор Школы пачаў навучацца 11 сакавіка 1997 г. Назву праекту даў Віталь Нікановіч, які і арганізаваў першыя заняткі. На той момант ён быў непаўнагадовым юнаком. Ужо праз год Школа мела конкурс 4 чалавекі на месца – на другі набор запісалася каля 120 чалавек. Выпуснікі ШМЖ працавалі і працуюць у выданьнях: «Белорусы и рынок », «Пагоня», «День», «Биржа информации», «Вечерний Гродно», «Glos znad Nemna», «Газета Слонімская», «Эўрапейскае радыё для Беларусі», «Наша Ніва», на гарадзенскіх тэлебачаньні і радыё».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?