Па горадзе Бабруйску ўжо які дзень ходзяць чуткі, што распрадаюцца захаваныя будынкі гарадской крэпасці, якая з’яўляецца помнікам беларускай гісторыі пачатку ХІХ стагоддзя. Раней таксама з’яўлялася інфармацыя, што здаецца ў арэнду і частка Брэсцкай крэпасці.

Еўрапейскае радыё вырашыла даведацца, наколькі верагодны чуткі пра распродаж беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, якія з’яўляюцца жывым напамінам пра гераізм нашых продкаў. Спачатку мы патэлефанавалі ў Брэсцкую крэпасць.

Па словах намесніка дырэктара Аляксандра Якубоўскага, большасць памяшканняў мемарыяльнага комплексу пустуе і там нават не вядзецца рэканструкцыя. На гэты момант турысты маюць магчымасць наведаць толькі два форты і комплекс Холмскія брамы.

Якубоўскі:«Мы нічога не прадаем, але ў арэнду здаем, таму што нам трэба неяк выжываць. Кошты, згодна з указам прэзідэнта, 6 еўра ў месяц для офісаў, 2,5 – для вытворчых прадпрыемстваў. Але на гэты момант у нас нашмат больш памяшканняў, якія пустуюць, чым арэндаваных.

У іх у асноўным размешчаны службовыя памяшканні. А так жадаючыя прыходзяць з заявай, мы дасылаем яе у Міністэрства культуры, а там вырашаюць. У асноўным арандуюць плошчы дзяржаўныя прадпрыемствы. Ёсць таксама будынкі краязнаўчага і мастацкага музеяў. Яшчэ арандуюць пару фірмаў па вырабе мэблі.»

З Бабруйскам сітуацыя нашмат складаней – там крэпасць насамрэч распрадаецца. Начальнік аддзела дзяржуласнасці і прыватызацыі гарвыканкаму Жанна Падабедава станоўча ацэньвае распродаж будынкаў Бабруйскай крэпасці.

Яна пацвердзіла нам, што пару гадоў таму з аўкцыёну сапраўды былі прададзены некалькі пабудоў крэпасці, але далей каментаваць адмовілася.

Спецыяліст Навукова‑даследчага інстытута Надзея Міронава лічыць, што нельга дазваляць распрадаваць будынкі, таму што на гэты момант большая іх частка, ўжо прададзена, літаральна за грашы. Але не трэба забываць, што існуюць абмежаванні па рэстаўрацыі і эксплуатацыі гістарычных будынкаў.

Так, напрыклад, нельга змяняць планіроўку ці забараняць агульны доступ у будынак. Забараняецца таксама парушаць цэласнасць будынка, напрыклад, рабіць яшчэ адзін уваход.

Часцей за ўсё новыя ўладары нават не ведаюць пра тое, што пасля іх нельга перабудоўваць на свой лад. Інна Аўсейчык, супрацоўнік бабруйскага краязнаўчага музея, так пракаментавала гэту сітуацыю:

«Гэта ўсё вельмі няпроста. Мы, канешне, хвалюемся. Бабруйская крэпасць – гэта дзяржаўны помнік, гісторыка‑культурная каштоўнасць.

Калі паглядзець закон аб ахове помнікаў, там прапісаны ўмовы здачы ў арэнду і продажу такіх аб’ектаў. Так, там ёсць пералік спецыяльных умоваў, якія павінен выконваць уласнік таму, што гэта гістарычны помнік.»

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, як трактуюць такую сітуацыю з Бабруйскай крэпасцю беларускія гісторыкі. Гаворыць Андрэй Кіштымаў:

«Гэта праблема першапачатковага гаспадара. У свой час яна належала вайскоўцам, тады можна было ўявіць хоць нейкага гаспадара. Па‑другое, калі сёння той, хто бярэ на сябе смеласць распрадаваць гэту крэпасць, ён з’яўляецца гаспадаром, гэта таксама пад вялікім пытаннем.

Хто насамрэч з’яўляецца гаспадаром гэтай гістарычнай каштоўнасці? Хто і калі абвесціў сябе гаспадаром Бабруйскай крэпасці? Хто ў дадзеным выпадку з’яўляецца ўласнікам беларускай гісторыі?

Мы ў чарговы раз сутыкаемся з замахам на яе. Нават ёсць пацярпелыя. Зараз гэта сама гісторыя ў выглядзе Бабруйскай крэпасці.»

Такім чынам, складваецца ўражанне, што гістарычныя каштоўнасці Беларусі нашай дзяржаве прасцей прадаць і забыць аб праблемах.

Атрымліваецца, што наша краіна ўсё ж такі навучылася зарабляць грошы на нацыянальнай спадчыне. Але не так як ва ўсім цывілізаваным свеце, а самым прымітыўным шляхам – прадаючы з малатка. Мабыць, трэба проста скінуцца…

Зміцер Траўчук, Эўрарадыё

Глядзі яшчэ:
У Бабруйскую крэпасьць заганяюць па́лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0