Продаж акцый ААТ «Мінскі завод пеністых він» у межах «народнага IPO» (першаснага размяшчэння акцый для адкрытага продажу фізічным і юрыдычным асобам) пройдзе з 2 мая па 15 чэрвеня. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Мінскі завод пеністых він» Леанід Краўчук.

Ён паведаміў, што

цяпер 100% акцый прадпрыемства належыць дзяржаве.
Прадпрыемства праводзіць дадатковую эмісію акцый у памеры прыкладна 25% статутнага фонду, ці 240 тыс. акцый. Простыя акцыі па 171.450 рублёў за адну будуць прадавацца фізічным і юрыдычным асобам — рэзідэнтам Беларусі, але не больш за 1 тыс. на адну асобу. Плануецца прыцягнуць каля 41 млрд. рублёў.

Як адзначыў Краўчук, па выніках працы прадпрыемства за першы квартал кошт акцыі, вызначаны на 1 студзеня 2012 года, ужо павялічыўся. Аб’ём вытворчасці за гэты перыяд у натуральным выражэнні вырас на 3,4%, аб’ём адгрузкі — на 26,3%, экспарт — на 92,7%, чысты прыбытак — у 9,7 разу.

Гендырэктар назваў пяць асноўных прычын, па якіх варта купіць акцыі менавіта гэтага прадпрыемства: вытворчасць запатрабаванай прадукцыі, устойлівы на працягу некалькіх гадоў рост вытворчасці, сучаснае абсталяванне, эфектыўнае гаспадаранне і моцная кіраўніцкая каманда.
«Усё гэта разам будзе спрыяць таму, што прадпрыемства будзе атрымліваць прыбытак, будзе ўкладваць сродкі ў развіццё і выплачваць дывідэнды», — лічыць Краўчук.

Ён паведаміў, што прыцягнутыя ад продажу акцый сродкі будуць накіраваны ў тым ліку на далейшую мадэрнізацыю прадпрыемства: пашырэнне цэха вінаматэрыялаў і пасудна-тарнага цэха.

Краўчук адзначыў, што цікавасць да набыцця акцый выказалі фактычна ўсе работнікі прадпрыемства, якія плануюць купіць ад 10 да 50 акцый кожны. Ён выказаў упэўненасць, што пілотны праект па продажы акцый у межах «народнага IPO» пройдзе паспяхова, і паведаміў, што сам купіць акцыі.

Як растлумачыла начальнік упраўлення дзяржаўнай уласнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ала Сакалоўская, акцыі будуць прадавацца на Беларускай валютна-фондавай біржы. Яны не будуць каціравацца і будуць прадавацца толькі па намінальным кошце. Іх можна набываць у 120 філіялах «Беларусбанка» і 141 філіяле «Белаграпрамбанка». Іх адрасы размешчаны на сайце www.ipo.of.by. Пасля завяршэння продажу будзе праведзены сход акцыянераў, унесены змяненні ў статут і акцыі змогуць прадавацца на другасным рынку.

ААТ «Мінскі завод пеністых він» з’яўляецца асноўным у Беларусі вытворцам шампанскіх, пеністых, вінаградных він.
Прадпрыемства створана ў 1978 годзе, ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства ў 2004-м.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?