Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці загінуўшых пры трагедыі на станцыі Мінскага метрапалітэна «Кастрычніцкая», адбудуцца 11 красавіка ў сталіцы, паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Так, у 17.50–18.05 на ўваходзе ў пераход вестыбюля нумар 1 станцыі метро «Кастрычніцкая» будзе адкрыты памятны знак. У 17.50–19.00 каля Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай адбудзецца мітынг-рэквіем. А ў 18.30–18.50 у Крыпце храма запланавана адкрыць дошку памяці і адслужыць паніхіду.

***

Выбух на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінскім метрапалітэне прагрымеў 11 красавіка 2011 года. У выніку тэракта 11 чалавек загінулі на месцы, 4 памерлі ў бальніцах. Цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымалі 315 грамадзян.

У верасні мінулага года па рашэнню Мінгарвыканкама «Аб увекавечанні памяці трагічна загінуўшых грамадзян на станцыі метро «Кастрычніцкая» быў аб’яўлены адкрыты конкурс на стварэнне памятнага знака. Яго пераможцам стаў скульптар Канстанцін Селіханаў з мемарыяльным знакам «Рака памяці» па ўвекавечанню памяці ахвяр тэракта. Кампазіцыя «Рака памяці» выканана з бронзы, белага мармуру і чорнага граніту. Яе памеры — 3 м у даўжыню і 2,3 м у вышыню. Мемарыяльны знак будзе знаходзіцца каля ўвахода на станцыю метро «Кастрычніцкая» на месцы часовай дошкі памяці. На бронзавай стэле адлюстраваны 15 хваль, на грэбені якіх — прозвішчы 15 загінуўшых у трагедыі. Акрамя імён загінуўшых кампазіцыя будзе змяшчаць адзін надпіс — дату тэракта і сімвалізаваць спынены час на электронным табло.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?