Кіеўская ветэрынарная міліцыя затрымала партыю беларускай малочнай прадукцыі, якая рэалізоўвалася ў адным з аптовых гандлёвых пунктаў украінскай сталіцы, паведаміла 9 красавіка Дзяржаўная ветэрынарная і фітасанітарная служба Украіны.

Нагадаем, Украіна 1 сакавіка часова прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю з Беларусі жывёл, а таксама мясной прадукцыі з-за апаскі распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Таксама з-за сістэматычных парушэнняў, паводле заявы ўкраінскага боку, ветэрынарна-санітарных патрабаванняў (перавышэнне максімальна дапушчальных узроўняў астаткаў ветэрынарных прэпаратаў у малочных прадуктах) быў часова прыпынены ўвоз беларускага малака і малочных прадуктаў. Украінскі бок заяўляе, што абмежаванні звязаны не з якасцю прадукцыі, а з яе бяспекай.

«У выніку аператыўна-следчых дзеянняў супрацоўнікі ветэрынарнай міліцыі ў Кіеве затрымалі нелегальна ўвезеную малочную прадукцыю з Беларусі, а таксама выкрылі пункт яе збыту, захоўвання і транспарт, на якім яна трапіла ў сталіцу», — гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце Дзяржветслужбы.

З рэалізацыі выключана малако, дзіцячая сухая малочная сумесь, ёгурты, кефір, сметанковае масла і малако — усяго больш за 10 тон прадукцыі, якая была ўвезена ў краіну пасля ўвядзення забароны на імпарт, не мела дазвольных дакументаў і захоўвалася ў неналежных умовах. Уся канфіскаваная прадукцыя падлягае ўтылізацыі. Пры гэтым уладальнікі незаконнай прадукцыі прызналіся, што нават не здагадваліся аб забароне на беларускую малочную прадукцыю і куплі яе ўжо ўнутры краіны.

«Аднак існуе інфармацыя, што кантрабанда на ўкраінска-беларускай мяжы набыла незвычайны размах. З-за адсутнасці магчымасці легальна ўвозіць і прадаваць малочную прадукцыю, прадпрымальнікі пайшлі на рызыку, і зараз незаконна перасякаюць мяжу з забароненай малочнай прадукцыяй», — заяўляе ветэрынарная і фітасанітарная служба.

Зараз работнікі ветэрынарнай міліцыі праводзяць праверкі ў Кіеве, выключаючы беларускую малочную прадукцыю з абароту і закрываючы гандлёвыя кропкі, дзе яна рэалізуецца.

Разам з тым, як раней паведамлялася, рашэнне аб магчымым зняцці абмежаванняў на пастаўку беларускай мяса-малочнай прадукцыі ва Украіну будзе прымацца пасля 9 красавіка. Да 9 красавіка павінны быць прадастаўлены вынікі праведзенага ў Беларусі аўдыту.

Як паведамлялася раней, 30 сакавіка ў Беларусі была завершана праца інспектараў Дзяржветфітаслужбы Украіны па правядзенні аўдыту сістэмы дзяржаўнага кантролю пры вытворчасці малочных і мясных прадуктаў. Апрача таго, яны наведалі шэраг беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў. Беларускі бок зазначыў, што «рашэнне аб зняцці абмежаванняў на ўвоз ва Украіну беларускай мяса-малочнай прадукцыі па выніках аўдыту будзе прымацца Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службай Украіны ва ўстаноўленым парадку, аб чым беларускаму боку будзе паведамлена па дыпламатычных каналах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?