Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін паведаміў, што тыдзень таму адвез у Еўрапарламент ліст ад міністра прамысловасці Беларусі Дзмітрыя Кацярыніча.

Карагін удзельнічаў у прэзентацыі праграмы «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі Беларусі» ў Бруселі — тым самым мерапрыемстве, на якое не выпусцілі Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калікіна і Аляксандра Атрошчанкава. У лісце міністра прамысловасці, які вез Карагін, выказваецца асцярога, што ў выніку санкцый можа быць нанесена вялікая шкода менавіта бізнэсу і рынкавай эканоміцы Беларусі, якія развіваюцца. Сам Уладзімір Карагін расказаў газеце «Звязда», што на ўсіх сустрэчах таксама выказваўся супраць увядзення санкцый і абмежаванняў, бо бізнес павінен быць па-за палітыкай. Падобна на тое, што пытанне, як дамагчыся вызвалення палітвязняў, Карагін перад сабой проста не ставіць. Больш за тое, ен дзіўным чынам ураўноўвае алігархічны бізнес на тым, каб урваць грошы, квоты, заказы ад дзяржавы, і самастойную бізнес-ініцыятыву.

«Унутры Беларусі пачаўся дыялог бізнэсу, улады і грамадзянскай супольнасці. У нас ужо існуе досыць актыўны дыялог паміж бізнэсам і ўладай, штогод мы распрацоўваем Нацыянальную платформу бізнэсу Беларусі, якую заслухоўвае ўрад. Па такім жа метадзе трэба разварочваць і дыялог Еўрапейскаму саюзу з нашай краінай»,
 — сцвярджае Карагін.

Цікава, ці пагадзяцца з ім прадпрымальнікі і бізнесмены, якія ні за што апынуліся ў турмах? І ці можна назваць дыялогам сітуацыю, калі адзін бок толькі слухае, а робіць — што захоча?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?