Партыя БНФ мае намер выкарыстаць «Чарнобыльскі шлях — 2012», каб сказаць «не» расійскай АЭС у Беларусі і кабальным пагадненням з Крамлём, заявіў лідар партыі Аляксей Янукевіч 10 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Ён назваў пытанні наступстваў аварыі на ЧАЭС і будаўніцтва новай АЭС у Астраўцы пытаннямі выжывання беларускай нацыі і дзяржавы. «У аварыі на ЧАЭС да гэтага часу не хапае праўды і належнага стаўлення з боку дзяржавы да ахвяраў трагедыі — і мы збіраемся патрабаваць змянення гэтага стаўлення. Што тычыцца будаўніцтва астравецкай АЭС, то нас вельмі турбуе, што падпісаныя дамовы з Расіяй на будаўніцтва АЭС азначаюць: Беларусь у энергетычным плане яшчэ мацней прывязваецца да Крамля, становіцца значна больш залежнай у палітычным плане. Таму мы збіраемся выкарыстаць „Чарнобыльскі шлях“ дзеля таго, каб сказаць яснае „не“ расійскай АЭС у Беларусі і кабальным пагадненням з Крамлём», — заявіў Янукевіч.

Адзін з ініцыятараў акцыі прафесар Юрый Хадыка паведаміў, што ў заяўцы на правядзенне 26 красавіка ў Мінску мітынгу і шэсця з нагоды 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая пададзена 10 красавіка ў Мінгарвыканкам, «чорным на беламу напісана, што мы просім даць дазвол шэсця па першай праезнай лініі вуліцы Сурганава», каб удзельнікі акцыі нікому не перашкаджалі і не зацягвалі шэсце.

Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі нагадаў, што у 18.00 адбудзецца збор удзельнікаў акцыі каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук, у 18.30 пачнецца шэсце па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, дзе з 19.00 да 20.30 пройдзе мітынг. «Пасля мітынгу ўсе, хто пажадае, пройдуць да Чарнобыльскай капліцы і памятнага знака, дзе будуць ускладзены кветкі і запалены свечкі ў памяць аб тых, хто загінуў ці пацярпеў падчас аварыі на ЧАЭС», — адзначыў Садоўскі.

Ён падкрэсліў, што акрамя экалагічнай тэмы на «Чарнобыльскім шляху» будуць узнімацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх — вызваленне палітвязняў. «У склад аргкамітэта ўвайшлі вельмі шырокія колы палітычных і грамадскіх сіл, якія знайшлі паразуменне. Адзінства, якое зараз ёсць, толькі паспрыяе таму, што на „Чарнобыльскі шлях“ прыйдзе яшчэ больш людзей, чым на Дзень Волі. Будзем весці актыўную інфармацыйную прапаганду», — сказаў Садоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?