Міністр абароны Чэхіі Аляксандр Вондра сёння ўручыў пасведчанні ўдзельнікам антыкамуністычнага супраціву ў Чэхаславакіі. Яны таксама атрымалі памятны знак і шэраг ільготаў.

Закон аб так званым «трэцім супраціве» ўступіў у сілу ў Чэхіі летась, на гадавіну «аксамітнай рэвалюцыі» 17 лістапада. Людзям, якія пацярпелі за сваё змаганне з камуністычным рэжымам — напрыклад, былі асуджаныя, закон дае права на грашовую кампенсацыю (100 тысяч крон, каля $5300), а ў выпадку нізкай пенсіі — права на яе павышэнне да сярэднестатыстычнага ўзроўню.

Грамадзянам, якія змагаліся са зброяй у руках, надаецца статус ветэранаў (права на санаторый і іншыя адпаведныя льготы).

Сёння пасведчанні атрымалі 23 чалавекі, усяго міністэрству пададзена каля трох тысяч заяваў. Закон выключае, каб ушанаванымі за «трэці супраціў» маглі стаць асобы, калісьці звязаныя з працай у міліцыі, службах бяспекі, ці тыя, хто ў часы «нармалізацыі» быў сябрам таварыства чэхаславацка-савецкай дружбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?