10 красавіка адбылася сустрэча старшыні Беларускай федэрацыі біятлона (старшыні КДБ па сумяшчальніцтве) Вадзіма Зайцава з вядомым французскім біятланістам Рафаэлем Пуарэ, які знаходзіцца ў Мінску.
Як паведаміў генеральны сакратар федэрацыі Анатоль Стромскі, Зайцаў і Пуарэ абмеркавалі магчымасць супрацоўніцтва славутага француза з беларускай зборнай. Праўда, паводе слоў генеральнага сакратара, пакуль невядома, у якім выглядзе і ў якой форме будзе адбывацца гэта супрацоўніцтва.
«Пакуль штосьці цяжка канкрэтызаваць. Не магу сказаць, у якім выглядзе будзе адбывацца супрацоўніцтва Пуарэ з нашай зборнай.
Таксама не магу назваць і тэрміны, калі будзе дакладнасць, тут шмат фактараў. Пуарэ пакіне Мінск заўтра»,— адзначыў Стромскі.
Раней у некаторых СМІ прайшла інфармацыя, што Пуарэ можа замяніць на пасадзе старшага трэнера мужчынскай зборнай Юрыя Альберса.