Першы агратурыстычны курорт Беларусі можа з’явіцца ў Расонскім і Полацкім раёнах Віцебскай вобласці, паведаміў 10 красавіка намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга.

Менавіта там у свой час з’явіліся першыя сельскія сядзібы ў рэспубліцы. Мясцовыя ўладальнікі аграсядзіб даволі лёгка знайшлі адзін з адным супольную мову і штогод праводзяць фестываль сельскага турызму «Заборскi фэст».

Агратурыстычны курорт, паводле слоў намесніка міністра, павінен будзе актыўна прымаць турыстаў не толькі летам, але і восенню і вясной, якія для Беларусі традыцыйна лічацца міжсезоннем. Такі курорт павінен мець сельскія сядзібы і агратурыстычныя комплексы і будавацца па кластарнай мадэлі.

Часлаў Шульга таксама адзначыў, што ў Беларусі плануецца перадаць інвестарам занядбаныя радавыя сядзібы, якія або не выкарыстоўваюцца, або выкарыстоўваюцца не па прызначэнні. «Мы дасягнулі разумення з Міністэрствам культуры, мясцовымі органамі ўлады і прапанавалі, каб можна было выкупіць радавую сядзібу аж да адной базавай велічыні і інвесціраваць у яе. Але з умовай як мінімум 5 гадоў выкарыстоўваць яе ў турыстычных мэтах», — удакладніў ён.

Сельскі турызм у Беларусі зарадзіўся 2 чэрвеня 2006 года з прыняццем указа нумар 372. Дакумент даў магчымасць займацца агратурыстычнай дзейнасцю афіцыйна, ды яшчэ і з падатковымі паслабленнямі. Да гэтага сельскім турызмам займаліся стыхійна: хтосьці здаваў у арэнду дом на Нарачы, хтосьці запрашаў пагасціць у Браслаўскім раёне. У хуткім часе пасля прыняцця ўказа Белаграпрамбанк пачаў выдаваць ільготныя крэдыты пад 5 працэнтаў гадавых. Выдаткі банка ад нерэнтабельнага накіравання пачала кампенсаваць дзяржава. Хоць сума выдзеленага крэдыту была невялікай (каля $20–30 тыс., калі лічыць у замежнай валюце), гэтага было дастаткова, каб добраўпарадкаваць сельскі дом і пачаць прадастаўляць хоць мінімальны набор паслуг (размяшчэнне, харчаванне, экскурсіі).

«Мінула некалькі гадоў, і многія суб’екты аграэкатурызму пачалі зарабляць капітал і сталі яго вывозіць за межы сваіх сядзіб. Хтосьці пачаў будаўніцтва сельскіх сядзіб у іншых рэгіёнах, хтосьці, магчыма, стаў шукаць шчасця за мяжой, — прадоўжыў прадстаўнік Мінспорту. — Гэта прымусіла нас перагледзець дакумент». Указам нумар 614, якім унесены змяненні ў папярэдні нарматыўна-прававы акт, ільготныя ўмовы вядзення агратурыстычнай дзейнасці распаўсюджаны таксама на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, перш за ўсё СВК, створаныя на аснове калгасаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?