Невядомы ў цывільным перашкаджае фотакарэспандэнту здымаць інцэдэнт з Аляксандрам Казуліным ля менскага Палацу чыгуначнікаў 2 сакавіка.

Калі раней на сустрэчах з адзіным абмяжоўваліся нязручнымі пытаньнямі «незадаволеных пэнсіянэраў» ды прадстаўнікоў вэртыкалі, цяпер да справы далучаюць моладзь. У Горадні да сустрэчы 4 сакавіка падрыхтавалі групу з 25 студэнтаў унівэрсытэту імя Янкі Купалы. Зь імі працаваў псыхоляг – вучыў, як пазбавіцца страху перад натоўпам. Кіравала працай групы загадчыца катэдрай культуралёгіі Натальля Ваўковіч.

Студэнты, паводле сцэнару, мусілі задаваць правакацыйныя пытаньні, галёкаць, сьвістаць. Адбор у групу адбываўся па-рознаму: адных прымусілі, іншыя адзначыліся ў часе збору подпісаў.

Правакацыі пачаліся з таго, што арганізатарам сустрэчы адмовілі ў правядзеньні мерапрымства ў ДК абласной філярмоніі. Міліцыянты ў форме і ў цывільным разам з студэнтамі заблякавалі ўваход у ДК.

Выкладчыца ГарДУ Натальля Ваўковіч (справа) ладзіла трэнінгі па зрыве сустрэчы А.Мілінкевіча з выбарцамі.

Як сьведчаць удзельнікі сустрэчы, адмова ў памяшканьні адыграла злы жарт з ініцыятарамі правакацыяў. 2-тысячны натоўп паглынуў купку «агітатараў». Іх проста адціснулі ўбок, дзе яны й прастаялі да канца сустрэчы. Толькі калі людзі пачалі разыходзіцца, «правільная» моладзь узброілася міліцэйскім мэгафонам і пачала скардзіцца падасьпелай здымачнай групе абласнога ТБ на натоўп, што «не дазволіў задаць пытаньні кандыдату ў прэзыдэнты».

На сустрэчу зь Мілінкевічам у Салігорску прыйшла тысяча прыхільнікаў і каля 15 выканкамаўскіх работніц. Кожная агучыла па адным пытаньні. Заля сустракала іх сьвістам.

Грамадзтва адрэагавала на правакацыі разьмяшчэньнем у Інтэрнэце фатаздымкаў правакатараў, пазначыўшы прозьвішчы некаторых зь іх. Сталі вядомыя і пытаньні, якія ім загадана было задаваць: «Калі вы ў сваім выступленьні заклікалі моладзь выйсьці на вуліцы ў выпадку вашай паразы, то чаму кажаце, што супраць рэвалюцыі і беспарадкаў?», «Навошта вы ідзяце ў прэзыдэнты, калі нават выбаршчыкі Шчучынскай акругі за вас не прагаласавалі на парлямэнцкіх выбарах?».

Рэакцыя ўладаў на публікацыю фатаздымкаў была нэрвовая: студэнта 4 курсу гістфаку Сяргея Марозава, што разьмясьціў іх на гарадзенскім форуме, выклікалі на гутарку ў дэканат.

Правакатар з нацыянал-бальшавіцкай партыі, які спрабаваў сарваць сустрэчу з адзіным кандыдатам, пакідае залю менскага кінатэатру «Дружба». У аднаго зь перададзеных слухачамі міліцыі «бальшавікоў» было знойдзенае пасьведчаньне сябра БРСМ.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?