У музеі Вялікай Айчыннай вайны праходзіць выстава «Пасляваенная вясна», на якой можна ўбачыць жаночае адзенне і аксесуары 1940-х — 1960-х гадоў. Карэспандэнты «Нашай Нівы» адправіліся на выставу, дзе ўбачылі сапраўдны савецкі хэнд-мэйд і адчулі пах «Чырвонай Масквы».

«Гэтая сукенка прывезена з ГДР, і каштавала яна вельмі шмат, — кажа арганізатарка выставы Алена Сямашка. — Каб яе набыць сваёй дачцэ, адной жанчыне давялося некалькі разоў здаваць кроў — каб сабраць грошы».

У невялікай зале на другім паверсе музея ВАВ і месціцца «Пасляваенная вясна», афішы якой у вагонах метро прымушаюць узгадаць рэкламныя савецкія плакаты 1950¬х і фільмы кшталту «Каралева бензакалонкі».

Што праўда, жаночае адзенне і аксесуары з выставы маюць слабое дачыненне да савецкай вытворчасці. «Усе гэтыя рэчы людзі рабілі самі альбо прывозілі з­за мяжы, — расказвае Алена Сямашка. — Мы далі абвесткі на сайтах, у газетах. У выніку мінчукі прынеслі нам 600 розных прадметаў, на жаль, яны тут не змясціліся».

Тут можна выдатна адчуць тыя часы, калі замест цёмных акуляраў выкарыстоўваліся насадкі на звычайныя, скураны абутак можна было толькі замовіць (скураныя туфлі з выставы прывезеныя з Сахаліна), а сумачкі для паходу ў тэатр трэба было рабіць сваімі рукамі. Што цікава, большасць рэчаў вось гэтага савецкага «хэнд¬мэйда» выглядаюць амаль не састарэлымі, асабліва на фоне адзення, якое можна было набыць у тагачасным ГУМе.

Прывезеныя з фронту срэбраныя ўпрыгожванні, кітайскія вееры, якія «даставалі» ў рэдкіх замежных паездках, — усе прадметы раскладзеныя па тэматычных блоках.
Каля тэатральных бінокляў «Мінск» можна ўбачыць «тэатральныя боты», якія абуваліся на туфлі, а ўжо ў вестыбюлі складваліся ў авоську (якая на выставе таксама ёсць), а пасля здаваліся ў гардэроб.

Асноўнае ўражанне, што застаецца ад выставы, заключаецца ў тым, што прыгожа жыць, вядома ж, не забароніш, але можна зрабіць так, каб знайсці густоўную вопратку стала свайго роду подзвігам.

«Вось гэта, напрыклад, нямецкія панчохі — рэдкасць страшная, — кажа Сямашка. — Большасць савецкіх жанчын малявалі шво на назе алоўкам. Альбо вось гэты, ужо забыты від вопраткі — манішка. Калі не было кашулі, апраналі манішку, якая стварала ілюзію кашулі».

Побач з адзеннем можна ўбачыць і ўсялякія артэфакты эпохі хрушчоўскай адлігі: кнігі па стварэнні адзення сваімі рукамі, падручнікі па вышыўцы і нават вялікі рарытэт таго часу — часопіс Vogue за 1950. Тут можна даведацца ці ўзгадаць пах парфумы «Чырвоная Масква» — гэтая рэч была іміджавай, таму ёй адводзіцца асобны столік.

«У нас проста нечакана шмат наведнікаў, — кажа Сямашка. — У выходныя бывае да 250 чалавек за дзень. Выстава будзе доўжыцца ўсю вясну, а пасля, калі людзі будуць ісці далей, працягнем яе на лета».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?