Першыя паведамленні пра надзвычайнае здарэнне ў метро на сайтах пачалі з’яўляцца праз лічаныя хвіліны. Натуральна, спачатку інфармацыя была сумбурная, перапоўненая эмоцыямі. Першыя напоўненыя канкрэтыкай паведамленні пачалі з’яўляцца пазней, калі на месцы здарэння пачалі працаваць журналісты.

Паралельна на фору сайтаў і ў каментары да артыкулаў сцякалася інфармацыя ад відавочцаў і пацярпелых. Пра што пісалі людзі ў першую гадзіну пасля тэракту, калі характар здарэння яшчэ не быў вядомы нават спецыялістам? Хтосьці выказваў спачуванні, нехта адразу ж пачаў выбудоўваць тэорыі наконт таго, каму выгаданы было ўзарваць мінскую падземку.

Прапануем вам падборку каментароў з некалькіх папулярных парталаў Беларусі, прынятых у першую гадзіну пасля выбуху на «Кастрычніцкай».

forum.onliner.by

Мадэратар форума Onliner.by за першую гадзіну вынес пяць папярэджанняў карыстальнікам — чатыры «чырвоныя» карткі і адну «жоўтую». Усе яны так ці інакш намякалі на магчымую датычнасць уладаў да трагедыі ў метро.

«Адцягваюць увагу ад іншых праблем?» — запытаў карыстальнік Reader_p у 18:26 і першым зарабіў «чырвоную» картку.

Juv4ik у 18:27 паведаміў, што жыве на праспекце Дзяржынскага і ў дадзены момант бачыў на вуліцы аўто «хуткіх» і міліцыі.

«А па тэлеку ніякакіх экстраных навінаў! Рэклама, серыялы ды іншае», — напісала katjushka праз 40 хвілін пасля выбуху ў метро.

Трэцюю «чырвоную» картку атрымаў карыстальнік abcda. У 18:44 ён напісаў: «Хочаш знайсці вінаватых у злачынстве, шукай таго, каму гэта найбольш выгадна. Выбух з ахвярамі — ідэальны варыянт адцягнуць увагу ад калапсу на валютным рынку ды і ўвогуле ў эканоміцы».

forums.tut.by

На форуме tut.by у першым жа каментары пад навіной пра тэракт прагучаў папрок на адрас спецслужбаў. «Вось яны нашы доблесныя спецслужбы...Як шчаміць моладзь пасля 19-га дык яны героі! А сваёй справай заняцца забылі», — напісаў Logovaz у 18:19.

«Адцягваюць увагу абывацеляў ад праблем з валютай і цукрам?» — запытаўся карыстальнік dandelion праз хвіліну.

«Які хлапок? Толькі што адзваніўся сын — ішоў па пераходзе з Купалаўскай, ішоў на сярэдзіне праход — так ірванула з Кастрычніцкай, што з вушэй вырвала навушнікі тэлефонныя, і адразу зацягнула пылам праход. Пайшоў у адваротны бок наверх», — напісаў frfr у 18:22.

А вось карыстальнік woodpecker-09 амаль угадаў, з якой хуткасцю затрымаюць падазраваных у тэракце. У 18:23 ён пакінуў наступны каментар: «Спадзяюся, што ніхто не пацярпеў .Гледзячы па наяўнасці ў базе дадзеных усіх адбіткаў хулігана (калі гэта нехта пахуліганіў) знойдуць сёння ж».

Dostal1 у 18:36 убачыў за выбухам расійскі след: «Апазіцыйнае падполле разбітае і дэмаралізаванае ... Здагадайцеся з трох разоў у каго ёсць рэсурсы для такога ...?? 100% Масква вырашыла актывізаваць сітуацыю...»

nn.by

Першыя сведчанні пра тое, што адбылося на «Кастрычніцкай» на сайт «Нашай Нівы» пачалі прыходзіць праз трэць гадзіны пасля выбуху. Таццяна Елавая ў 18:14 перадала словы сяброўкі: «Толькі што патэлефанаваў адзін блізкі сябар, ехаў дадому ў метро. Вельмі ўзбуджана і напалохана паведаміў, што на Кастрычніцкай ст.метро адбыўся выбух .. Я не ведаю маштабаў, але кроў ён бачыў. Выбух адбыўся ў адным з суседніх вагонаў. Проста на станцыі. Або на платформе. Зараз выйшаў, ідзе пешшу».

«Жах! Але ж выглядае на тое, што ... Беларусь пагружаецца ў ...тэрор», — напісаў кастус у 18:25.

Чытач Commander у 18:38 зрабіў змрочны прагноз: «Цяпер змогуць зладзіць маленькую пераможную антытэрарыстычную кампанію, ды і ў дачыненні да апазіцыі рукі будуць развязаныя».

«Падобна на "качку")», — карыстальнік Ivan ці то ўсё яшчэ не даваў веры ў тое, што здарылася (допіс зроблены ў 18:43), ці выбраў няўдалае месца для жартаў.

Глядзі яшчэ: Храналогія трагедыі — ад тэракта да выканання прысуду
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?