(14.04.1961—9.04.2012)

Запыніўшыся ў Вільні на сцежцы святла,
Ты ў Вялікае Княства княгіняй пайшла,
Бо была ты княгіняй, і рыцары ўслед
За табою хадзілі, і вершы паэт
Сачыняў для цябе, і на крылах вятроў
Іх пісаў, каб крыляла над светам любоў
Да зямлі, дзе ссівелыя замкі стаяць,
Дзе дубам векавым наша неба трымаць,
У якім наша золата — россыпы зор,
Дзе малітвы і песні, дзе вольны прастор,
Па якім мы ідзём і мы прыйдзем усе
Да адной Беларусі, што сцяг свой нясе,
Нібы сонца, якое ні ў небе, а ў нас,
Нібы нашая кроў, у якой новы час,
Новы век выспявае на сцежках святла,
Па якіх ты з Вялікага Княства прыйшла
На зямлю, на якой нашы продкі жылі
І найлепшай у свеце не зналі зямлі.
Ты прыйшла, і з табою прыйшла талака,
Каб, як смецце, не змыла нас часу рака
І не зніклі ў траве нашых продкаў крыжы.
Ты прыйшла, і пайшла праз сухмень і дажджы
У Вялікае Княства, дзе жыць без бяды,
І дзе будзеш княгіняю нашаю ты…

10.04.2012

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?