Не сакрэт, што стаўленьне расейцаў да беларускага фальклору вельмі своеасаблівае. Яны могуць успрымаць нашую народную аўтэнтыку, як нешта абсалютна свойскае, агульнаславянскае, але прытым абсалютна не разумеюць словаў. Нашыя суседзі могуць усяляк выкарыстоўваць гэтыя творы, у тым ліку у кіно, падганяючы тэксты пад сваю літаратурную мову. У такіх выпадках тэрмін «беларускі» часцяком замяняецца на «старорусский», «северо-западный» альбо «западно-русский».

Мастацкі фільм «Настальгія» Андрэя Таркоўскага, 1983 г.

У гукавой дарожцы кінастужкі скарыстаныя спевы Вольгі Сяргеевай. Гэта легендарнае імя ў асяродку этнаграфістаў, адна з самых слынных вясковых спявачак, уладальніца кранальнага, мацярынскага голасу, што б’е ў самае сэрца. Яна магла спяваць проста, дакладна і часам без слоў, імітуючы найгрыш на нейкім інструменце. Да бабулі ў вёску Пералазы на Пскоўшчыне прыязджалі фалькларысты з Масквы, Малдовы ды Фінляндыі. Сама яна тройчы выпраўлялася з выступамі ў Піцер. Пра яе, як пра эталон народнае спявачкі, здымалі дакументальныя фільмы. Прычым, памерла жанчына досыць нядаўна ў 2002 годзе, ёй было 80 гадоў.

Чальцы «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» з Беларусі патрапіць да спадарыні Сяргеевай не паспелі, хаця таксама даследавалі памежную беларуска-расейскую зону. Па словах старшыні СЭТу Аляксея Глушко, «поўнач Віцебшчыны й поўдзень Пскоўшчыны ўяўляюць сабой цэльны этнаграфічны арэал». Тое і раней сцьвярджалі навукоўцы, у тым ліку расейскія. Тыпова беларускія спевы захаваліся таксама на заходняй Смаленшчыне, частцы Цвершчыны, на захадзе Браншчыны.

У 2007 годзе фірма «Бомба-Піцер», што звычайна спецыялізуецца на «рускім року», выдала CD Вольгі Сяргеевай з запісамі 1971-72-х. Гэтымі ж запісамі падчас працы над «Настальгіяй» карыстаўся Таркоўскі. Голасам Вольгі Сяргеевай фільм адкрываецца й сканчаецца. Пасля знакамітага праходу персанажа Алега Янкоўскага праз басейн са свечкай гучыць вясельны плач, а затым купальская «Кумушкі».

«Знак русского», – такім чынам вызначаў Андрэй Таркоўскі спевы простай жанчыны з этнічна беларускае часткі Пскоўшчыны.

Мастацкі фільм «Свае» Дзьмітрыя Месхіева, 2004 г.

Фільм здымаўся ў вёсцы Ракава на Пскоўшчыне. Музыку для кінастужкі напісаў гітарыст Святаслаў Курашоў, які задзейнічаў у запісе шэраг музыкаў, у тым ліку, этнографа Сяргея Старасціна. Той дастаў са сваіх архіваў «народный распев с Северо-западного региона» – менавіта так пазначана на CD з саўндтрэкам фільму.

Тую мелодыю пазнае кожны жыхар Беларусі. Бо гэта айчынны фолк-шлягер «Рэчанька».
Хто толькі і як яго не спяваў: «Тройца», «Бан-Жвірба», Наталля Падольская ды безьліч іншых поп-выканаўцаў і канечне, «Песняры».

Тлумачачы ўжываньне крыўднага для беларусаў тэрміну «северо-западный», Сяргей Старасцін пашкадаваў, што «фалькларысты з розных краінаў не могуць выбраць агульную сістэму каардынатаў, не прывязаную да палітычных спрэчак. З ёй было б прасьцей». І дадаў: «Славянская культурная жытніца прыходзіцца якраз на Віцебшчыну, беларускае Палессе, Смаленск (у дадзенай сітуацыі расейскі). Мне падаецца, што гэта найбольш цікавы рэгіён для вывучэння славянскіх каранёў».

Мастацкі фільм «Дзікае поле» Міхаіла Калатазішвілі, 2008 г.

Музычным аздабленнем карціны займаўся кампазітар-мінімаліст Аляксей Айгі, за што атрымаў целы букет прэміяў і ўзнагародаў. Выконвае ўсю музыку авант-фолкавы расейскі гурт «НЕТЕ» з удзелам вакалісткі Алены Сяргеевай. У адным з эпізодаў гучыць беларускі народны восеньскі спеў «Лося». Ён асабліва вядомы ў нашай краіне, дзякуючы гурту Kriwi: «Чаго ж ты, лося, чаго ж ты, дзікі…»

Калі я напісаў Аляксею Айгі электронны ліст наконт выкарыстання гэтае песні, то атрымаў наступны адказ: «В фильме использована русская народная песня про лощину, на белорусском там никто не поет. Видимо, просто похоже». Песня паводле задумы кампазытара павінна была перагукацца не толькі са зместам, але й самім назовам фільму: «Дзікае поле» – «Дзікая лагчына».

На леташняй кружэлцы «НЕТЕ» спеў пазначаецца як «Лоща». Але ж насамрэч любому, нават неабазнанаму ў фальклоры беларусу зразумела – песня ж тая пра лася.

Напрыканцы адзначу, што да беларускае аўтэнтыкі звярталіся многія расейскія музыкі розных часоў. Узоры нашае народнае творчасці уваходзяць у рэпэртуар многіх сучасных фолк-гуртоў з Расеі, але ж гэта тэма для асобнае гутаркі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?