Галоўны рэдактар «Прессбола» Уладзімір Беражкоў у інтэрв’ю «ЕўраБеларусі» пракаментаваў чарговыя чуткі пра магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Беларусі. У. Беражкоў, у прыватнасці, сказаў наступнае:

«… Як гаворыцца, калі камусьці вельмі хочацца, то, вядома, абмеркаванне гэтага пытання магчыма. Аднак у рамках сённяшняй хакейнай кан’юнктуры трэба ўлічваць, што гэты год няпросты для IIHF. На восеньскім кангрэсе федэрацыі пройдуць выбары ў раду арганізацыі, гэта будзе справаздачна-выбарнае мерапрыемства. Цалкам натуральна, што на сённяшні дзень кожны чалец рады федэрацыі непакоіцца за сваё рэнамэ. Не трэба забываць, што рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі было прынята абсалютнай большасцю галасоў. І, натуральна, што адны і тыя ж людзі не маглі памяняць свайго меркавання на дыяметральна супрацьлеглае цягам нейкага часу. За гэты час ж нічога не змянілася. Тыя ж людзі засталіся ў радзе IIHF, людзі, якія прадстаўляюць Беларусь, не сталі замест белых чорнымі ці наадварот. Адпаведна, нічога прынцыпова не змянілася, а людзі, якія прымалі ўсвядомленае рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі, не хочуць быць блазнамі. Яны ж разумеюць, што з іх будзе смяяцца ўвесь свет, калі сёння яны так галасуюць, а заўтра так.

Усе выдатна ўсведамляюць, што калі кангрэс адменіць сваё рашэнне, прынятае абсалютнай большасцю галасоў, то яны проста выступяць у якасці палітычных марыянетак,
парушаючы уласны статут, у якім напісана, што чэмпіянат свету не можа быць адменены па якіх-небудзь палітычных меркаваннях, якія не ўваходзяць у пакет форс-мажорных акалічнасцяў.
Раней месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі змянялася толькі аднойчы: вясновы чэмпіянат свету, які планаваўся ў Празе [ў 1969 г.], быў перанесены ў Стакгольм. Але тады ў Празе стаялі савецкія танкі, ішлі ваенныя дзеянні…

У нас сёння вайны няма. Вайна — гэта форс-мажор, а палітыка — не. Палітыка ў спорце наогул нікому не патрэбна. Усе выпадкі, калі палітыка ўмешвалася ў спорт, заканчваліся кепска. Пачынаючы з Алімпіяды ў фашысцкай Германіі і заканчваючы Алімпійскімі гульнямі ў Маскве і ў Лос-Анджэласе. І ў нашым выпадку падзеі таксама могуць мець сумныя наступствы, калі палітычную карту працягнуць разыгрываць. У Пекіне ў 2008-м годзе нармальна прайшла Алімпіяда, хоць там таксама свой лад і таксама ёсць, напэўна, выпадкі парушэння правоў чалавека.

Сёння наогул няма ідэальнай краіны з пункту гледжання захавання правоў чалавека, у якой маглі б бездакорна прайсці буйныя спартыўныя форумы. Вось мадрыдскі «Рэал» узяў і зняў са сваёй эмблемы крыж. Што гэта такое?
Кан’юнктура, камерцыйная выгада, мусульманская змова ці нешта яшчэ?
Магу сказаць, што пэўную спекуляцыйную карту па правядзенні хакейнага чэмпіянату свету ў Беларусі, разыгрывае Латвія, якая хацела б атрымаць гэты чэмпіянат замест нас.
Яна гуляла гэтую карту яшчэ летась, калі казала, што да іх прыедуць амерыканцы і канадцы, якія не захочуць ехаць у Беларусь. Але я вельмі добра ведаю і асабіста знаёмы з людзьмі, якія прадстаўляюць хакейныя федэрацыі Канады і ЗША. Паверце, гэта людзі вельмі далёкія ад палітыкі.
Ім, прабачце, глыбока да блакітнай зоркі, што там думае Барак Абама, Ангела Меркель або Нікаля Сарказі.
У іх ёсць свае федэрацыі і свае інтарэсы. І яны ў рамках гэтых інтарэсаў прывязуць у Беларусь хакеістаў, якія гатовыя абараняць гонар сваіх краін на чэмпіянаце свету. Іншая справа, што 2014. Год — гэта алімпійскі год, а пасля Алімпіяды, як вядома, зоркі адпачываюць. Так што ў Мінску ў любым выпадку не варта чакаць вялікай колькасці амерыканскіх, канадскіх, шведскіх, чэшскіх і іншых зорак. Але не прыедуць яны сюды ў апошнюю чаргу па палітычных прычынах.

З пункту гледжання заўзятара і грамадзяніна Беларусі я сваю пазіцыю ніколі не мяняў і, натуральна, хацеў бы ўбачыць чэмпіянат свету ў Мінску.

Тое, што Лукашэнка вызваліў з турмаў некалькіх чалавек, я вельмі вітаю. Няма чаго рабіць гэтым людзям у турмах.
Мне здаецца, што гэта — цалкам гуманны крок.
Думаю, што спыняцца на ім не варта, трэба выпускаць усіх астатніх і спыняць усе спекуляцыі па гэтай тэме.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?