Юры Радзівіл (на першым пляне), кіроўца Аляксандра Казуліна, спрабаваў зьехаць ад невядомага зь пісталетам. Цяпер яго вінавацяць у замаху на міліцыянта.

Фота Андрэя Лянкевіча

Крымінальныя справы напярэдадні выбараў растуць як грыбы пасьля дажджу. На мінулым тыдні міліцыя ў Нясьвіжы распачала справы супраць 24-гадовай актывісткі Насты Азаркі і двух яе таварышаў. Гэта 14 і 15-я за апошнія два месяцы крымінальная справа ў дачыненьні да моладзевых актывістаў.

28 лютага Насту выклікалі ў райаддзел і паведамілі, што ў горадзе зьявілася шмат палітычных графіці. Таму адкрытая крымінальная справа, у якой дзяўчына фігуруе як падазраваная. У дзяўчыны адабралі пашпарт, паабяцаўшы аддаць дакумэнт па заканчэньні сьледзтва.

2 сакавіка Наста мелася прыехаць у Менск на сустрэчу выбарцаў з А.Мілінкевічам, але ня здолела: у гэты дзень у яе і яшчэ двох моладзевых актывістаў — Максіма Кокарава і Ўладзімера Хоміча — узялі падпіску пра нявыезд. Наста кажа, што ёй паказалі пастанову: супраць яе распачатая крымінальная справа за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Наста даўно вядомая ўдзелам у палітычным жыцьці. 21 ліпеня 2004 г. яна ўдзельнічала ў акцыі, прысьвечанай 10-гадоваму кіраваньню Лукашэнкі, адседзела суткі, пра што напісала ў «НН». «У Нясьвіжы, — кажа дзяўчына, — да апошняга часу думала, што я адна». Хаця ў горадзе ёсьць і суполка БНФ, і «казулінцаў». Наста перажывае, што ў справе фігуруюць меншыя хлапцы — Максім і Ўладзімер.

Беларушчына для дзяўчыны — плён сямейнага выхаваньня: «Мае дзед з бабуляй сядзелі ў сталінскіх лягерах, дзе пазнаёміліся зь беларускімі нацыяналістамі. Бацька на пачатку 1990-х быў у БНФ».

Працы ў Нясьвіжы Наста цяпер знайсьці ня можа, хоць скончыла пэдкаледж (настаўніца малодшых клясаў) і курсы праграмістаў.

7 сакавіка ў Нясьвіжы адбыліся ператрусы — у самой Азаркі ды ў актывіста КХП-БНФ Алеся Язьвінскага (па ейнай справе). Канфіскавалі падшыўкі «НН», «НарВолі», улёткі розных часоў. Найболей цікавілі міліцыянтаў дакумэнты цяперашняй кампаніі. «Сочаць увесь час. 4 сакавіка, у Дзень міліцыі, выйшлі на вуліцу — дык нас спынілі і агледзелі, ці не нясём з сабой балёнчыкі з фарбай». Крымінальныя справы заведзеныя на нясьвіскіх актывістаў Уладзімера Хоміча і Максіма Кокарава: іх вінавацяць у «псаваньні дзяржмаёмасьці» палітычнымі графіці. Справу расьсьледуюць міліцыянты з суседняга Клецку, але камэнтароў ніякіх на гэты конт не даюць. Хлопцы маюць абскарджваць заведзеныя справы, бо кажуць, што ніякіх доказаў іхнага ўдзелу міліцыя ня мае.

Актывізаваліся міліцыянты ня толькі ў Нясьвіжы. 2 сакавіка яны двойчы цягам дня прыходзілі дадому да Паўла Красоўскага ў Жодзіне — з пастановай на арышт, падпісанай пракурорам. Нагадаем, што на Паўла заведзеная крымінальная справа за «абразу прадстаўнікоў улады»: ён зьмясьціў карыкатуры на чыноўнікаў гарвыканкаму ў бюлетэні «Назіральнік». Арыштаваць Красоўскага не змаглі, бо яго не было дома. Ня выключана, што неўзабаве на дошцы «Іх шукае міліцыя» побач з партрэтам Аўтуховіча мы ўбачым партрэт Красоўскага. Розьніца толькі ў тым, што Красоўскі падпіску пра нявыезд не даваў, таму фармальна закону не парушаў.

Асноўны «крымінальны» ўдар, нанесены ўладамі, сёлета прыпаў на моладзь. Зьміцер Касьпяровіч ужо асуджаны на 5 месяцаў. У Магілёве ў пастарунку ад 14 лютага сядзіць Яўген Сувораў: на яго завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад войска (арт. 435, ч.1), хаця хлопец камісаваны паводле зроку. У «амэрыканцы» КДБ сядзяць Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка, Аляксандар Шалайка і Цімох Дранчук. У менскай «Валадарцы» чакае суду Артур Фінькевіч, пакуль што на волі яго «падзельнік» Аляксей Янушэўскі. Адкладзены суд над барысаўскімі актывістамі Аляксандрам Казаковым і Зьмітром Зубром.

Івана Крука ў Астраўцы вінавацяць у супраціве міліцыянтам.

Аксану Новікаву ў Менску вінавацяць у падробцы пашпарта.

Аднавілі крымінальную справу на кіраўнічку БХК Тацяну Процьку за нібыта нясплачаныя падаткі.

Сяргея Ляшкевіча з Шчучына вінавацяць наўпрост у падрыхтоўцы беспарадкаў.

Газэту «Згода» вінавацяць у распальваньні рэлігійнай варажнечы.

Юр’я Радзівіла, у машыну якога стралялі невядомыя, абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыі ды пагрозе гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да міліцыянта.

Завяршае гэты пералік кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, якога вінавацяць у хуліганстве за спробу прарвацца ў Нацыянальны прэс-цэнтар і на ўсебеларускі сход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?