РВУП «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» у ІІ квартале бягучага года пачне вытворчасць цыгарэт «Pall Mall» на кантрактнай аснове для British American Tobacco (BAT). Аб гэтым паведаміў дырэктар ЗП «Брытыш‑Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» Эдуард Грамовіч 14 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

У ІІІ квартале бягучага года на фабрыцы плануецца запусціць вытворчасць яшчэ адной маркі ВАТ — «Lucky Strike». «Гэта нашы стратэгічныя маркі, на якія мы трацім шмат намаганняў, — адзначыў Эдуард Грамовіч. — У той жа час цяпер у нас няма магчымасці імпартаваць іх у краіну з‑за таго, што не хапае квоты».

Цяпер на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» вядзецца ўстаноўка абсталявання, неабходнага для выпуску цыгарэт такога класа. «Поўнасцю новая лінія будзе гатова да выпуску цыгарэт у пачатку мая», — сказаў Эдуард Грамовіч.

Нагадаем, што цяпер Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» выпускае на кантрактнай аснове з ЗП «Брытыш‑Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» міжнародныя маркі цыгарэт «Alliаnce» і «Viceroy». Вытворчасць цыгарэт «Alliance» пачата ў ліпені 2005 года, «Viceroy» — у чэрвені 2006‑га.

Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА Эдуард Грамовіч, у перспектыве British American Tobacco плануе пашыраць вытворчасць сваіх марак на мясцовых магутнасцях. Так, у выпадку, калі ў краіне не будуць адменены квоты на імпарт цыгарэт, у першым квартале будучага года BAT гатовы пачаць вытворчасць на ГТФ «Нёман» цыгарэт «Kent». «У будучым, калі квоты не будуць адменены, 80‑90 працэнтаў нашага партфеля будзе вырабляцца ў Беларусі», — сказаў ён.

British Ameriсan Tobacco — другая па велічыні міжнародная тытунёвая кампанія з глабальнай доляй рынку, якая складае 14,6 працэнта. Ёй належыць больш як 300 марак цыгарэт, сярод якіх «Lucky Strike», «Kent», «Dunhill», «Pall Mall», «Vogue», «Ява». У Беларусі BAT працуе з 1995 года. Цяпер яе доля на рынку тытунёвых вырабаў краіны складае 12 працэнтаў. У сегменце дарагіх цыгарэт у Беларусі доля кампаніі дасягае 50 працэнтаў.

ГТФ «Нёман» працуе з 1861 года. У студзені‑лютым 2007 года прадпрыемства выпусціла 1,95 млрд. штук цыгарэт, што на 24,4 працэнта больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?