Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пастаўлены на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ленінскага раёна Мінска.

Бандарэнка паведаміў БелаПАН, што на працягу двух гадоў за ім застаецца судзімасць. За ім будзе ўстаноўлена «прафілактычнае назіранне», якое азначае, што да яго дамоў могуць прыходзіць супрацоўнікі міліцыі і прыкладна раз у месяц запрашаць для прафілактычных гутарак.

«Увогуле, да мяне паставіліся карэктна. Я не павінен дапускаць парушэнняў заканадаўства, з’яўляцца па позвах у міліцыю. Увогуле, рабіць усё, што павінен рабіць законапаслухмяны грамадзянін», — сказаў Бандарэнка.

Ён адзначыў, што за ім захоўваецца права выязджаць за межы Беларусі. «Аднак, калі за межы Мінска я паеду тэрмінам больш чым на месяц, я павінен загадзя паведаміць аб гэтым супрацоўнікам міліцыі», — адзначыў палітык.

***

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Бандарэнка быў адной з ключавых фігур каманды кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, адбываў пакаранне, а 14 красавіка быў вызвалены з калоніі «Віцьба-3» згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі. Бандарэнка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011 года яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку ўзмацнілі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на плац, хадзіць у страю і нават забаранілі карыстацца мыліцай.

Пасля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай.

Сваякі і праваабаронцы расцэньваюць такія дзеянні ў дачыненні да палітзняволенага як катаванні. Скарга з просьбай расследаваць факты прымянення катаванняў да Бандарэнкі накіравана ў ААН.

Бандарэнка быў вызвалены згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні 15 красавіка гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?