Юры Несьцярэнка. Сьвята вялікіх дажджоў. Ковчег, 2007.

Першы беларускамоўны альбом вэтэрана магілёўскага року, які жыве ў Бялынічах. За два дзясяткі гадоў у рок‑н‑роле гэты чалавек ня страціў надзеі, не згубіў цярплівасьці, ня сьпіўся. Раней «Не стары бэнд» і яшчэ адзін праект Несьцярэнкі «White Night Blues» гралі блюзавыя стандарты і песенькі ў жанры «рускі рок». Але гадоў ужо сем як бялыніцкі блюзмэн нібы прачнуўся — пачаў ладзіць у невялікім гарадку рок‑канцэрты, літаратурныя вечарыны і ўзяўся за запіс свайго беларускамоўнага альбому.

«Сьвята вялікіх дажджоў» — гэта тое, што называюць музыкай, зробленай ад душы і для душы. Несьцярэнка — прыхільнік старога добрага гітарнага року а‑ля Гэры Мур і Ўладзімер Кузьмін. Такога кшталту музыка, толькі перанесеная на беларускую глебу, і гучыць на дыску.

Тэксты для альбому Юры пісаў сам, сёе‑тое ўзяў зь перакладаў Баляслава Лесьмяна, магілёўскіх паэтаў і нават Людмілы Рублеўскай.

Гэта музыка ад душы і для душы.

З маленькіх цудаў альбому — аднайменная назьве плыты — «Сьвята...» — 8‑хвілінная баляда, у якую ўкладаецца ўвесь унутраны сьвет музыкі. Выдатны беларускі блюз — «Знаю столькі пяшчотаў» і дуэт з Варашкевічам — «Блюз белай ночы», які калі‑небудзь стане гімнам Бялынічаў, якія мясцовыя інтэлектуалы называюць White Night City.

Ёсьць тут адмысловы бонус‑блёк — пара твораў з саўндтрэку да спэктаклю «Песьні ваўка» са справядлівай прэтэнзіяй на жанр «рок‑опэра».

Варта зазначыць, што ў запісе паўдзельнічалі такія знаныя асобы, як Алег Хаменка («Палац»), Ігар Варашкевіч і Сяргей Трухановіч («Крама»), Кастусь Канцавы («Osimira»). Для тых, хто любіць музыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?