Для здымкаў дакументальнага фільма «Серп і молах» пра «раскулачванне» ў сталінскім СССР шукаюць фотаматэрыялы пра ахвяраў калектывізацыі. Аўтар фільма - Аляксей Півавараў, вядомы расійскі журналіст і тэледакументаліст, які працуе на тэлеканале НТВ.

«Нам вельмі патрэбная дапамога тых, чые сваякі былі раскулачаныя,
і хто яшчэ пра гэта памятае і захаваў сямейныя фотаздымкі», цытуе Піваварава вядомы расійскі блогер Рустэм Адагамаў. «Гэтыя здымкі мы хочам выкарыстоўваць у фільме. Дасылайце іх з кароткім апісаннем: хто на іх, што здарылася з гэтымі людзьмі, дзе яны былі раскулачаныя і як склаўся іхны лёс»

Дасылаць фотаздымкі можна па пошце па адрасе 127427 ул. Академика Королева, 12 НТВ для проекта «Серп и Молох».

Адсканаваныя фотаздымкі можна дасылаць на электронную пошту [email protected]

Аляксей Півавараў — аўтар некалькіх вядомых дакументальных фільмаў пра гісторыю XX стагоддзя.
Сярод ягоных працаў — «Брэст. Крэпасныя героі» («Брест. Крепостные герои»), «Ржэў. Невядомая бітва Георгія Жукава» («Ржев. Неизвестная битва Георгия Жукова»), «Другая ўдарная. Здраджаная армія Уласава» («Вторая ударная. Преданная армия Власова»). Фільмы часта крытыкаваліся расійскімі нацыяналістамі і сталіністамі.

За 20-я і 30-я гады ў Беларусі былі «раскулачаныя» (г. зн. гвалтоўна пазбаўленыя маёмасці па даносе ці з-за нібыта занадтага багацця і дэпартаваныя) да 250 тысяч чалавек. Тысячы людзей былі высланыя ў аддаленыя раёны СССР — у Казахстан, Сібір, скрайні Поўдзень. Прыкладна трэцяя частка з іх загінула. Беларускі погляд на падзеі мінулага стагоддзя рэдка бывае прадстаўлены ў дакументальных фільмах, што здымаюцца ў суседніх краінах.

У фільме «Серп і молах» зняўся беларускі актор Алег Волчак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?