Другі форум адкрывае грандыёзны оперны гала-канцэрт «Зоркі сусветнай опернай сцэны», які адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Удзельнікамі канцэрта будуць лепшыя салісты-вакалісты Еўропы і СНД, якія выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР маэстра Уладзіміра Співакова.
У выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў славутага італьянскага тэнара, вучня Лучана Павароці, саліста оперных тэатраў Рыма, Балонні і Генуі Івана Магры, вядучай салісткі Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі Ганны Аглатавай (сапрана) і барытона Анатоля Сіўко, які выступае на лепшых еўрапейскіх оперных сцэнах, прагучаць жамчужыны сусветнай музычнай класікі, неўміручыя арыі і аркестравыя фрагменты з опер Моцарта, Вердзі, Гуно, Бізэ.

Раскошная зала беларускага Вялікага тэатра ператворыцца ў старадаўні кінатэатр 21 красавіка і перанясе слухачоў у непаўторную атмасферу нямога кіно 30-х гадоў XX стагоддзя. У гэты вечар адбудзецца прэм’ера ўнікальнага праекта, які з велізарным поспехам быў прадстаўлены ў Расіі (Масква) і Францыі (Кальмар), — паказ бессмяротнага фільма Чарлі Чапліна «Агні вялікага горада». Музыка да кінафільма, якую напісаў сам Чаплін, будзе гучаць у жывым выкананні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі ў складзе 120 чалавек пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова.

22 красавіка фестываль прадоўжыцца ў Гомельскай абласной філармоніі. У сімфанічным канцэрце расійскага філарманічнага аркестра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова прыме ўдзел піяніст Барыс Беразоўскі — музыкант рэдкага сцэнічнага абаяння, ігра якога вызначаецца неверагоднай тэхнікай. Яго можна пачуць па ўсім свеце — у Берліне і Нью-Ёрку, Амстэрдаме і Лондане, Парыжы і Маскве, Санкт-Пецярбургу і Мюнхене, Токіа і Екацярынбургу, Гамбургу і Афінах. У выкананні Барыса Беразоўскага прагучыць другі канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Сяргея Рахманінава.

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі 23 красавіка публіку зноў чакае незабыўная сустрэча — гэты вечар стане сапраўдным святам для прыхільнікаў гітары. На сцэну выйдзе аўстралійскі гітарыст-віртуоз, уладальнік унікальнай імправізацыйнай тэхнікі ігры Томі Эмануэль. Стварэнне трэмала-эфекту шляхам «згінання» грыфа гітары, віртуознае валоданне штучнымі флажалетамі, перкусыйнымі эфектамі — усё гэта зрабіла музыкі папулярным і любімым для публікі ўсіх краін і кантынентаў — Томі Эмануэль дае штогод больш як 250 канцэртаў на сцэнах Еўропы, Азіі, Амерыкі, Аўстраліі.

23 красавіка на сцэне Магілёўскай абласной філармоніі зноў выступяць Нацыянальны філарманічны аркестр Расіі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова і піяніст Барыс Беразоўскі.

Прадоўжыцца фестываль 25 красавіка ў Нясвіжскім палацы канцэртам Барыса Беразоўскага.

У Белдзяржфілармоніі адбудзецца 26 красавіка вечар Моцарта — у гэты дзень выступіць «Камерата Зальцбург» (Аўстрыя) — камерны аркестр з роднага горада вялікага аўстрыйскага кампазітара. Гэты калектыў з багатай гісторыяй і традыцыямі неаднаразова заваёўваў тытул лепшага інтэрпрэтатара твораў Моцарта. Саліст вечара — скрыпач маэстра Уладзімір Співакоў, дырыжор Аркадзь Берын (Германія).

27 красавіка ў пасольстве Расіі ў Беларусі будзе арганізаваны дабрачынны канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага камернага аркестра «Віртуозы Масквы» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова з удзелам стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонду У.Співакова «Віртуозы Масквы — сёння і заўтра». Дабрачынны канцэрт пройдзе пад патранатам і пры спонсарскай падтрымцы пасольства Расіі ў Беларусі.

Урачыстае закрыццё фестывалю — 28 красавіка.
У заключным канцэрце на сцэне Белдзяржфілармоніі выступяць Дзяржаўны акадэмічны камерны аркестр «Віртуозы Масквы» пад кіраўніцтвам яго стваральніка, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Уладзіміра Співакова, а таксама салісты — стыпендыяты Міжнароднага дабрачыннага фонду Співакова, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Данііл Харытонаў (фартэпіяна) і Настасся Кабекіна (віяланчэль). У канцэрце прыме ўдзел лаўрэат міжнародных конкурсаў трубач Сяргей Накаракаў (Расія, Францыя).

Арганізатары фестывалю — Міністэрства культуры Беларусі, ТАА «Берын Арт Менеджмент» пры фінансавай падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, пасольства Расіі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?