Сябры ініцыятыўнай групы па змяненні выбарчага заканадаўства, створанай былым кандыдатам у прэзідэнты Дзмітрыем Усам, накіравалі еўрапейскім лідарам заяву з просьбай хадайнічаць аб вызваленні палітвязня, былога кандыдата ў прэзідэнты, асуджанага на 6 гадоў зняволення, Мікалая Статкевіча.

Заява, прынятая на пасяджэнні ініцыятыўнай групы, накіраваная Вярхоўнаму прадстаўніку па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і Еўракамісару па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфану Фюле.

Падпісанты заявы даводзяць, што «ў турме гвалтоўна ўтрымліваюцца экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Мікалай Статкевіч і іншыя палітвязні. Іх жыцьцё ў небясьпецы, у дачыненні да іх ужываюцца катаванні».

Нагадваецца таксама, што «29 сакавіка 2012 года ў Брусэлі разглядаўся праект па мадэрнізацыі з удзелам беларускіх і еўрапейскіх палітыкаў».

Падпісанты заявы лічаць, што «разглядаць любыя праекты без удзелу сапраўднага беларускага лідара Мікалая Статкевіча — бесперспектыўна для будучыні Рэспублікі Беларусь.
Удзел у такіх праектах штучна раздзьмутых людзей-брэндаў — небяспечны і гібельны для нашай краіны. Ніякія праекты і перамовы з боку ЕС немагчымыя, пакуль грамадзянін Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і трымае закладнікаў».

Таму падпісанты хадайнічаюць, каб Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле «безумоўна настойвалі на вызваленні Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных і іх поўнай рэабілітацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?