У Пінску на старажытных могілках, якія зьяўляюцца помнікам гісторыі пачатку 19‑га стагодзьдзя, сьпілавалі дрэвы і пашкодзілі надмагільлі. Так званая санітарнае добраўпарадкаваньне пагосту адбылося з дазволу гарадзкой улады. Зараз мясцовыя краязнаўцы рыхтуюць судовы пазоў да чыноўнікаў, адказных за разбурэньні.

Пінскае гарадзкое адзьдзяленьне Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры сьведчыць, што на могілках зьнявечаныя агароджы, паваленыя помнікі і крыжы. Сьпілаваныя 23 дрэвы. Гаворыць сябра суполкі Яраслаў Занькавец:

«Гэта ліпа, клён і вяз. Дрэвы нармальныя, здаровыя, прамыя. Там адзін бук – экзот, штучна пасаджаны. Адпаведна, такія дрэвы нельга ўвогуле сьпілоўваць. На старую частку могілак заяжджалі на грузавым аўтамабілі. Там, дзе пахаваньні Бутрымовіча і Орды».

У Пінскім гарвыканкаме заяўляюць, што пасьля так званага лесапавалу на могілках зробленыя арганізацыйныя высновы. Звольнены з працы дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Рытуал‑градо» Юры Бірыла, які кіраваў працамі. Але чыноўнік па‑ранейшаму называе гэта санітарным добраўпарадкаваньнем, санкцыянаваны начальствам.

«Калі ад ветру падае такое вялікае дрэва, то яно накрывае ад 22 да 35 помнікаў. Я вырашыў пайсьці на камісію гарвыканкама, каб далі згоду на знос дрэваў. Атрымаў згоду і мы дрэвы сьпілавалі».

Не ўтойвае былы дырэктар, што драўніна з могілак скараціла дэфіцыт будматэрыялаў і паліва.

«Усю дзелавую драўніну, так як на прадпрыемстве ёсьць свая піларама, выкарысталі на дошкі. А на ўсё астатняе у нас ёсьць свая качагарка».

Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0