Маргарыту Лавышык, дзяўчыну аднаго з каардынатараў кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» (РПСС) Вячаслава Дыянава, у ноч на 20 красавіка знялі з цягніка на памежным пераходзе «Брэст — Цярэспаль».
Падчас асабістага надгляду ў Лавышык канфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі, ноўтбук. Пасля чаго яе адпусцілі, і на найбліжэйшым цягніку дзяўчына даехала да польскага памежнага перахода ў Цярэспалі, дзе яе чакаў Дзіянаў.
На гэты момант яны знаходзяцца ў Варшаве.
Нагадаем, 18 красавіка ў кватэру ў Мінску, дзе жывуць Лавышык і яе сяброўка Крысціна Кумейка, уварваліся пяцёра невядомых. Лавышык, якая ў гэты час размаўляла па скайпе з Дыянавым, схапілі і выцягнулі з кватэры. Увесь дзень ніводнае сілавое ведамства не прызнавалася ў тым, што яны была затрымана. Вядома, што камп’ютар Лавышык пільна праверылі. Была вынята ўся перапіска асабістага характару.
Дыянаў заявіў, што яго дзяўчына не ўдзельнічала ў кампаніі РПСС, а таксама не займалася іншай палітычнай дзейнасцю. Паводле яго слоў, 18 красавіка Лавышык павінна была выехаць да яго ў Польшчу. Каардынатар РПСС лічыць, што затрыманне і суд — гэта помста спецслужбаў «праз родных і каханых людзей тым, да каго яны самі не могуць дацягнуцца».
19 красавіка Лавышык і Кумейка судом Маскоўскага раёна Мінска былі аштрафаваны на паўтара мільёна рублёў кожная за дробнае хуліганства (арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).