21 красавіка нарадзіўся адзін з заснавальнікаў альтэрнатыўнага рока і гранжа Ігі Поп. Сёлета ён адзначае 65-годдзе. Сапраўднае імя спевака — Джэймс Ньюэл Остэнберг. Ігі мае нарвежскія карані па маці і шведскае імя ад бацькі, якога ўсынавіла шведска-амерыканская сям’я. Сцэнічнае імя ён атрымаў дзякуючы ўдзелу ў гурце «The Iguanas».

Ігі Поп вядомы не толькі сваёй музыкай, але і ролямі ў фільмах і серыялах, у тым ліку ў культавых фільмах Джыма Джармуша «Кава і цыгарэты» (выступіў у ролі самога сябе на пару з Томам Уэйтсам у ролі Тома Уэйтса) і «Мярцвяк». Таксама ягоная музыка гучыць у некаторых стужках у якасці саўндтрэкаў.

Сцэна з фільма «Кава і цыгарэты»

***

Райдэр Ігі Попа і гурта The Stooges мала падобны на звычайны спіс патрэбнага абсталявання, ежы і гэтак далей. «НН» прапануе вам вытрымкі з райдэра, з якіх вынікае, што арганізоўваць канцэрт Ігі Попа не менш весела, чым на яго схадзіць.

«Нам патрэбны адзін гукарэжысёр, які добра валодае англійскай мовай і не баіцца смерці (гэта я жартую, альбо не?), а яшчэ ён мусіць трошкі цяміць у абсталяванні. Апошняе можа падацца вам складанным, але паверце мне — так будзе лепш».

«Вось, напрыклад, наш гітарыст Крыс кажа, што панда гэта не мядзведзь, а ўвогуле такая свіння. Гэта можа быць праўдай? А калі не, чаму ён рызыкуе казаць пра гэта мне, калі я магу паведаміць усяму свету пра яго дурацкую тэорыю?» (з раздзела — «сцэнічныя маніторы»).

«У грымерцы нам было б няблага мець чалавека, апранутага як комік Боб Хоўп, і каб ён расказваў пра Галівуд, гольф і Бінга Кросбі. Шкада, што мы не засталі тыя часы, калі ён быў жывы…. Хаця можна проста лядоўню з негазаванай мінералкай».

«Скрыня якаснага піва, і тут даю падказку — ягоная назва не павінна пачынацца на «б» і сканчвацца на «адвайзер». Безаклагольнае піва для саксафаніста. І бутэлька гарэлкі. Толькі ні з крывавай Англіі. Хай лепей з Галандыі, слухайце, а бывае безалкагольная гарэлка? Тады б наш саксафаніст мог бы дадаваць яе ў віскі».

«У грымёрцы мусіць быць $50 на дабрачынную раздачу бясплатнага супа, з квітанцыяй для падатковай службы. Праўда, вы яшчэ не шкадуеце, што заняліся музычным бізнэсам?»

«Пяць парковачных месцаў перад сцэнай, калі раптоўна спатрэбіцца куды-небудзь ехаць. І калоду карт — часам нашыя сяброўкі нудзяцца на канцэртах, таму яны б маглі сядзець за сцэнай і гуляць у карты. Безумоўна, на грошы. І дадатковая калода — раптам мы захочам замест канцэрта паказваць картачныя фокусы».

Апошняя старонка райдэра ўяўляе з сябе «Дадатак, што б гэта не мусіла значыць»: «Калі гэта чытаюць стваральнікі рэаліці-шоў — хаця навошта б ім гэта чытаць? — дык вось у мяне ёсць ідэя рэаліці-шоў пад назвай «Выспа мёртвай сабакі».

Аўтабіяграфію Ігі Попа «Мне трэба болей» у перакладзе на рускую мову можна прачытаць тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?