На мінулым тыдні нейкія людзі з «горада трох рэвалюцый» наладзілі нейкую таемную сувязь з нейкімі людзьмі з розных «мірных» гарадоў былога СССР і рыхтуюцца напярэдадні 9 мая пусціць па іх вуліцах так званы «сталінобус» з выявай даўно ўжо сатлелага генералісімуса. Маўляў, трэба вярнуць Сталіна з гістарычнай трупярні на ягонае пачэснае месца ў гісторыі.

Вось гісторыя.

Пачалася яна на хутары Аполіны на Случчыне напрыканцы 1920-х. Жылі на тым хутары дзве сям’і — Бузукі і Філіпчыкі. У Бузукоў — чацвёра дзяцей, у Філіпчыкаў — адзінаццаць. У Бузукоў — зямля, спраўная хата, дыхтоўныя хлявы, сытая скаціна. У Філіпчыкаў — анічога, акрамя лапленай-пералапленай развалюхі і невынішчальнай веры ў шчаслівую будучыню.

На шляху да гэтай будучыні апынуліся Бузукі.

Не, у Мікалая Філіпчыка, галавы сямейства, не было аніякай зайздрасці да суседа, ён не збіраўся паліць ягоную хату. Ён наогул быў не злы чалавек, Мікалай Філіпчык, зусім не лайдак, як тое, магчыма, уяўляецца сучаснай моладзі. Але цяжкая, ад раніцы да раніцы, праца не давала выйсця з жабрацтва. Выйсце намалявалі бальшавікі. І Філіпчык, начапіўшы на нос падвязаныя шнурком акуляры і запаліўшы газніцу, з надыходам цемры браў у рукі пяро, каб напісаць чарговую зацемку ў газету. У тым ліку пра Бузукоў, ворагаў ягонай светлай веры ў камунізм.

Не, яны нічым не заміналі Філіпчыку. Акрамя як сваім існаваннем, якое савецкая ўлада абвясціла несумяшчальным са шчаслівай калгаснай будучыняй. Праўда і тое, што яны гэта і не аспрэчвалі...

Бузукоў саслалі ў Сібір. Там усе яны і памерлі. Выжыў толькі малодшы. Імя не памятаю, ды гэта і не важна.

Перад вайной Бузук-малодшы пасяліўся ў саўгасе пад Ленінградам, ажаніўся.

А калі немцы наблізіліся, кінуў капаць акопы, перайшоў да іх і дабраўся да Слуцка, дзе ўладкаваўся камандзірам батальёна паліцыі...

Падрабязна, з пратакольнай абыякавасцю ён расказваў, як у сонечны студзеньскі дзень прыехаў са сваімі падначаленымі да Філіпчыкаў; як пагналі іх да старога дуба на ўскрайку хутара; як плакалі дзеці, калі маці завязвала ім вочы; як стаяў Мікалай Філіпчык, зняўшы акуляры і праціраючы іх скамечаным у дрыготкай руцэ канцом кашулі... «Ты заб’еш мяне, — сказаў тады Філіпчык, — але лапці мае пойдуць за табой...»

«Лапці» Філіпчыка дагналі Бузука ў 1977.
Ніна, Філіпчыкава пляменніца, адзіная з дзяцей, што паспела схавацца ў лесе, увесь час пасля вайны дамагалася, каб яго шукалі. Адшукалі ў тым жа саўгасе пад Ленінградам, у той жа жонкі...
І быў суд. Беларускі і яўрэйскі, гарадскі і сялянскі Слуцк скаланаўся ад успамінаў аб ягоных крывавых злачынствах...

Бузук, лядашчы нізкарослы стары, сядзеў на доўгай лаве падсудных тварам да суда. «Павярніце яго! Хай павернецца! Хай паглядзіць людзям у вочы!» Перад тым як зачытаць прысуд, яму загадалі павярнуцца. І тады ён ускочыў з лавы і, хістаючыся на нямоглых нагах, пабег да выхаду з залы Дома культуры...

...Ад смерці пабег? Ці, можа, ад незгасальнага ў памяці бляску акуляраў Філіпчыка? А мо хацеў збегчы з жахлівай гісторыі, у якую зацягнуў яго аднойчы бязлітасны вір «класавай барацьбы»?..

Яго злавілі. Увесь астатні час, пакуль ён стоячы слухаў расстрэльны прысуд, месца на лаве заставалася пустым...

Дык ці трэба тлумачыць, якое месца ў гэтай гісторыі займае Сталін?

Ці трэба тлумачыць, якое месца ў Гісторыі ўсё яшчэ чакае яго?

Пакуль нехта лічыць, што дастаткова пахаваць Сталіна пад тэктанічнымі плітамі Часу, заўсёды будуць з’яўляцца тыя, хто зноў і зноў нацягне на сябе сталінскі мундзір.

Між тым, любая праява сталінізму — ад правакатарскага фарса са «сталінобусам» да ўсёабдымнага страху перад уладай — дыхае злачыннай варожасцю паміж людзьмі, крывёю ды грамадзянскай вайной...

Не дзіва, што менавіта на прасторы, дзе ўладарыў «пераможца фашызму», нараджаецца найноўшы фашызм.

Вось чаму патрэбен суд, і хутчэй. Бо канчаткова сыдзе апошняе пакаленне, здольнае беспамылкова пазнаваць у падрабязнасцях ды агульнай атмасферы сённяшняга жыцця рысы і подых сталіншчыны.

Канчаткова сыдуць у нябыт ахвяры, сведкі і суддзі...

Глядзець таксама:

Памылка мэра

Былыя могілкі

Міма Танка, альбо Непрачытаны верш

Грош цана

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?