У Беларусі зацверджаны новыя прынцыпы тарыфнай палітыкі пры перавозцы пасажыраў і багажу на чыгуначным транспарце. Яны замацаваныя ва ўказе прэзідэнта № 202 «Аб захадах па развіцці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання», паведамілі ў яго прэс-службе.

«Дакумент прадугледжвае развіццё комплекснай сістэмы перавозак пасажыраў цягнікамі агульнага карыстання, новыя прынцыпы тарыфнай палітыкі на чыгуначным транспарце і механізм стымулявання сацыяльна значных перавозак», — растлумачылі ў прэс-службе.

Згодна з указам, у Беларусі ўстаноўлены 5 відаў перавозак пасажыраў і багажу чыгуначным транспартам.

Гэта гарадскія лініі (у межах Мінска, абласных цэнтраў і па-за іх межамі, але не далей чыгуначных станцый, размешчаных у гарадах-спадарожніках), рэгіянальныя маршруты (у межах вобласці і па-за яе межамі, але не далей чыгуначных станцый, размешчаных у гарадах абласнога падпарадкавання сумежных абласцей), міжрэгіянальныя (паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі, паміж абласнымі цэнтрамі), міжнародныя (паміж Беларуссю і іншымі дзяржавамі), а таксама камерцыйныя (па маршрутах, што вызначаюцца заказчыкам на дагаворных умовах).

Тарыфы на перавозку пасажыраў і багажу вызначаюцца ў залежнасці ад выкарыстоўваных чыгуначных ліній.

На гарадскіх лініях тарыф будзе адзіным за адну паездку незалежна ад адлегласці шляху руху пасажыраў. На рэгіянальных і міжрэгіянальных лініях ён будзе залежаць ад адлегласці, хуткасці руху цягнікоў, тыпу рухомага складу.

Пры міжнародных зносінах тарыф устанаўліваецца ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, пры камерцыйным — у адпаведнасці з дагаворамі, але не ніжэй за ўзровень затрат на паслугі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?