Прэвентыўныя затрыманні ў Мінску.
Намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка заблакаваны ў сваёй кватэры. Сёння а 9-й гадзіне ў дзверы яго кватэры пачалі стукацца мужчыны з патрабаваннем адамкнуць ім. Мікола не адказваў.
Цяпер двое чалавек у цывільным дзяжураць у яго пад’ездам. Там стаіць і аўтамабіль без нумароў.
А позна ўвечары 25 красавіка ў мінскую кватэру сябра рады Беларускай партыі «Зялёныя», эколага і гісторыка Уладзіміра Валодзіна, спрабавалі трапіць невядомыя.
У кватэры Валодзіна, паводле яго словаў, у той момант знаходзіліся яго знаёмыя — грамадзянін Беларусі і дзве грамадзянкі Расіі. «Калі невядомыя пачалі моцна біць у дзверы, імітуючы спробу яе выбіць, яны спалохаліся і выклікалі міліцыю. Прыбылыя супрацоўнікі найбліжэйшага апорнага пункта вырашылі правесці праверку пашпартоў, — кажа Валодзін. — У дзвюх расіянак забралі пашпарты нібыта за парушэнне пашпартнага рэжыму. Яны не затрыманыя і сёння паедуць забіраць дакументы і спрабаваць даказаць, што нічога не парушалі».
Валодзін удакладніў, што на момант інцыдэнту яго самога ў кватэры не было.
«У маю кватэру традыцыйна напярэдадні акцый прыходзяць розныя персанажы, як у форме, так і без яе.
З досведу іншых людзей я ведаю, што прыходзяць затрымліваць перад акцыямі, таму ў такія дні мяне дома проста не бывае»,— адзначыў ён.
Цяперашні візіт супрацоўнікаў сілавых структур Валодзін звязвае з сённяшняй акцыяй «Чарнобыльскі шлях — 2012».
Каментары