Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора 26 красавіка пачала выконваць свае абавязкі. Як паведамілі ў прадстаўніцтве ЕС, яна прыбыла ў Мінск напярэдадні вечарам.
Вечарам 25 красавіка ў Мінск таксама вярнуўся пасол Францыі Мішэль Рэнеры. Як паведамілі ў
Як раней паведамлялася, еўрапейскія паслы сталі вяртацца ў Беларусь 25 красавіка. Раніцай стала вядома аб прыездзе ў Мінск пасла Швецыі Стэфана Эрыксана. У другой палове дня прыбылі кіраўнікі пасольстваў Польшчы і Літвы Лешак Шарэпка і Эдмінас Багдонас.
27 красавіка ў Мінск плануе вярнуцца пасол Чэхіі Іржы Карас. Апрача таго, да канца гэтага тыдня чакаецца прыезд паслоў Германіі Крыстафа Вайля і Эстоніі Яака Ленсмента.
Час прыбыцця кіраўнікоў дыпмісій іншых краін Еўрасаюза пакуль невядомы.
У сваю чаргу, паслы Беларусі ў Польшчы і Бельгіі Віктар Гайсёнак і Андрэй Еўдачэнка, адкліканыя на радзіму ў канцы лютага, 25 красавіка вярнуліся ў Варшаву і Брусель.
***
- Дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Бруселем, нагадаем, разгарэўся пасля прынятага ў лютым рашэння Савета міністраў ЕС пашырыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. 23 красавіка Савет міністраў замежных спраў ЕС абмеркаваў беларускае пытанне на пасяджэнні ў Люксембургу. Прывітаўшы вызваленне апазіцыйных палітыкаў Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі, члены савета падкрэслілі неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных.
- Паводле інфармацыі польскага агенцтва ПАП, падчас пасяджэння міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў асцярогу, што вяртанне паслоў у Мінск можа быць выкарыстана Аляксандрам Лукашэнкам у прапагандысцкіх мэтах. Літоўскі міністр прапанаваў ЕС выступіць з заявай наконт вяртання дыпламатаў у Беларусь, аднак гэта ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў іншых еўрапейскіх міністраў.