Усялякімі словамі называлі

У 1989 г. намесьніка дырэктара ПТВ №23 па выхаваўчай працы Міхаіла Розума абралі дэпутатам Сьмілавіцкага пасялковага савету. 17 гадоў ён кіраваў саветам, перамагаючы у чатырох выбарах запар. Розум ганарыцца тым, што ў 1999 г. прымаў у мястэчку кіраўніка краіны. Нядаўна 58-гадовы старшыня з уласнага жаданьня перастаў быць кіраўніком. Кажа, што ня вытрымаў ціску раённых начальнікаў.

Пакуль у мястэчку не намагаліся працаваць самі на сябе, праблемаў у М.Розума не было. Але старшыня пасялковага савету (які згодна з Канстытуцыяй ёсьць і старшынём выканкаму) у 2000 г. стварыў службу камунгасу са сваім рахункам і дырэктарам. Раённаму начальству гэта не спадабалася, і на выбарах 2003-га ў райсавет — М.Розум зьяўляецца таксама дэпутатам Чэрвеньскага савету дэпутатаў — яму ўпершыню выставілі альтэрнатыву. Але Розум тады на выбарах перамог.

«Усе грошы зь бюджэту, — кажа сп.Міхаіл, — забіраліся ў раён. Я настойваў, каб хоць 50% падаходнага падатку заставаліся ў мястэчку. Гарбарны завод і фабрыка даюць неблагі прыбытак, фармуюць аснову бюджэту, у якім нават графы не было на добраўпарадкаваньне. Новы экскаватар прывёз, сьмецьцевоз, трактар, машыну-самазвал — 6 адзінак тэхнікі».

Аднак з ініцыятывы райвыканкаму ў 2003 г. сьмілавіцкі ЖКГ далучылі да Чэрвеньскага. Розум кажа, што гэта было не на карысьць мястэчку. Пасьля гэтага на самога старшыню пачаўся ціск. «Ну й замардавалі мяне ў раёне апошнім часам! Торгалі на раённых нарадах. Усялякімі словамі называлі: «Сасунок, прысасаўся да ўлады». Ганілі не аднаго мяне, таксама і розных кіраўнікоў аграпрадпрыемстваў, паважаных людзей, добрых спэцыялістаў, рознымі словамі. Вось такая падзяка за ўсё, што рабіў многія гады. Мястэчка на 80% газіфікаванае, раённы бюджэт эканоміць вялікія грошы, тыя, якія раней выкідаліся на торфабрыкеты й дровы. Параўнайце зь іншымі мястэчкамі. У нас жа багацей жывуць. Запытайце ў каго хочаце!»

Мы і запыталі. Настаўніцу школы, прадавачку крамы, дзеда на ровары, кабету з фабрыкі. Усе спачуваюць: «Розум у Сьмілавічы ўсё цягнуў, асфальт клаў, электрычныя слупы ставіў, фарбаваў нешта. Наш чалавек».

Нагода

24 сьнежня ў абласной «Мінскай праўдзе» быў выдрукаваны артыкул пра Сьмілавічы, у якім Розум сказаў колькі словаў пра добраўпарадкаваньне мястэчка. Аднак 26 сьнежня старшыню выклікалі да абласнога кіраўніка Мікалая Дамашкевіча.

«Чым Дамашкевіч быў незадаволены, ня ведаю. Але сказаў: «Трэба ўмацаваць кадры ў Сьмілавіцкім савеце». Мабыць, гэта была нагода для старшыні Чэрвеньскага райвыканкаму Лапаткі, разабрацца са мной, — мяркуе Розум. — Потым мяне месяц тэрарызавалі. Дэпутатаў таксама прэсавалі, таму на сэсіі 31 студзеня я папрасіў іх вызваліць мяне ад пасады».

Выканаўцам абавязкаў старшыні пасялковага савету стаў дырэктар мясцовай школы Аляксандар Вусікаў. Міхаіл Розум дзівіцца: «Ну ня можа быць старшынём чалавек, які не зьяўляецца дэпутатам, гэта ж парушэньне заканадаўства! Выконваць абавязкі мусіць мой былы намесьнік, якога дэпутаты зацьвердзілі ў 2003 г., — Васіль Сабан, дырэктар валюшна-лямцавай фабрыкі. Я Вусікаву кажу: «Саша, ці ты кодэкс выбарчы ведаеш, закон аб мясцовых саветах, ці разумееш, што гэта ж — злачынства? Як жа ты мог пагадзіцца?» А той: «Я законаў ня ведаю. Мяне папрасілі, я і пагадзіўся».

Відавочна, што парушаны артыкул 20 Закону аб мясцовым кіраваньні й самакіраваньні, дзе дакладна сказана, што старшыня савету абіраецца на сэсіі зь ліку дэпутатаў. А вось пазбавіць яго паўнамоцтваў дэпутаты ня могуць, толькі з уласнага жаданьня. Альбо праз працэдуру адкліканьня дэпутата шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Нічога такога зроблена не было.

Розум, які знаходзіцца цяпер у адпачынку, спадзяецца, што яго папросяць вярнуцца. Столькі ж недаробленых справаў!

Сьмілавічы — мястэчка ў Чэрвеньскім р-не Менскай вобласьці, на 35 км шашы Менск—Магілёў. 5500 жыхароў. З 1791 г. Сьмілавічы належалі Манюшкам. Гэта радзіма мастака Хаіма Суціна й гісторыка Ібрагіма Канапацкага. Мусульманскі цэнтар: тут здаўна жывуць татары, у мясцовай мусульманскай суполцы — 61 чалавек, нядаўна пабудаваны новы мячэт. Ёсьць праваслаўная царква, пратэстанцкі малітоўны дом. Працуюць гарбарны завод (280 работнікаў), валюшна-лямцавая фабрыка (160 работнікаў), пякарня.

Фота Зьмітра Дрыгайлы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0