У Лоеве на гарадскіх яўрэйскіх могілках раскапаны дзве магілы. Па гэтым факце Лоеўскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа па ч. 1 арт. 347 Крымінальнага кодэкса (здзек над трупам або магілай).

Як паведаміла галоўны інспектар групы інфармацыі і сувязі з грамадскасцю ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, адна з магіл была раскапана да астанкаў, другая часткова. Факт здзеку над магіламі быў выяўлены напярэдадні Радаўніцы, 23 красавіка, сваяком аднаго з пахаваных, які прыйшоў на могілкі прыбраць магілу.

Ва ўчыненні гэтага злачынства падазраюцца два непрацуючыя жыхары Лоева, якія вядуць антысацыяльны лад жыцця: жанчына 1957 года нараджэння і мужчына 1960 года нараджэння.

Падазроныя затрыманы і змешчаны ў ІЧУ.
Па асноўнай версіі следства, мэта раскопак — каштоўныя вырабы, якія падазроныя планавалі знайсці на астанках пахаваных.

З месца злачынства канфіскаваны дзве рыдлёўкі, пальчаткі, мужчынскае адзенне, пакрывала, пяць пустых бутэлек з-пад віна, посуд і іншыя рэчы. Супрацоўнікамі Лоеўскага РАСК праводзяцца першапачатковыя следчыя дзеянні, прызначаны шэраг экспертыз: генатыпаскапічная, дактыласкапічная і трасалагічная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?