Сучасны Туркменістан стаў для Беларусі сапраўдным стратэгічным партнёрам, а сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін пацвярджаюць высокі ўзровень супрацоўніцтва і цёплыя адносіны паміж народамі. Пра гэта заявіў 27 красавіка Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Гурбангулы Бердымухамедавым.

«Зробленыя намі за апошні час сумесныя намаганні дазволілі дасягнуць канкрэтных і адчувальных вынікаў двухбаковага супрацоўніцтва: умацавання палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Беларускі лідар падкрэсліў, што знешнегандлёвы абарот паміж дзяржавамі за апошнія чатыры гады вырас у пяць разоў і ў 2011 годзе перавысіў 200 млн. долараў.

Паводле яго слоў, Беларусь гатовая актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі сумесных праектаў з Туркменістанам. «Мы вітаем эканамічную палітыку па стварэнні магутнага сучаснага вытворчага патэнцыялу краіны, якую праводзіць кіраўніцтва Туркменістана, і гатовыя ўзяць актыўны ўдзел у рэалізацыі сумесных праектаў», — падкрэсліў Лукашэнка.

На сустрэчы ў пашыраным складзе Бердымухамедаў заявіў, што Туркменістан гатовы пашырыць наменклатуру закупак беларускай машынабудаўнічай прадукцыі. «Мы ў Беларусі закупляем вельмі шмат тэхнікі, якая паказала сябе з якаснага боку, таму мы і надалей будзем закупляць вашу прадукцыю», — цытуе Бердымухамедава БелТА. Акрамя таго, Туркменістан набывае беларускія станкі, абсталяванне, будматэрыялы, харчаванне, медыкаменты. Прэзідэнт Туркменістана напярэдадні падпісаў пастанову, якая дазваляе Міністэрству камунальнай гаспадаркі заключыць кантракты на закупку 1.989 адзінак тэхнікі ААТ «МАЗ» і 173 адзінак спецыяльнай тэхнікі ААТ «Амкадор».

Бердымухамедаў адзначыў, што прыняты дакумент па закупках беларускіх тавараў дапаможа выйсці па выніках першага квартала на тавараабарот больш як 320 млн. долараў. Ён падкрэсліў, што па выніках першага квартала беларуска-туркменістанскі тавараабарот перасягнуў узровень узаемнага гандлю за папярэднія пяць гадоў.

Беларусь прапаноўвае Туркменістану разгледзець новыя формы супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, асабліва ў галіне адукацыі. «Здаецца цікавым праект стварэння на тэрыторыі вашай краіны сумеснай установы па падрыхтоўцы кадраў сярэдняга звяна», — адзначыў Лукашэнка. Ён дадаў, што цяпер у Беларусі вучацца прыкладна 6 тыс. студэнтаў з Туркменістана.

«Сур'ёзнае пашырэнне ў апошнія гады двухбаковых адносін у эканамічнай і гуманітарнай сферах дазволіла падысці да сённяшняй сустрэчы з вялікім пакетам дакументаў — іх амаль паўтара дзясятка», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Сярод найважнейшых дакументаў, падпісаных сёння, — сумеснае беларуска-туркменскае камюніке і пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак беларускай сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?