Пра гэта на сустрэчы з журналістамі 27 красавіка паведаміў старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык.

Паводле яго слоў, па справе праходзяць пяць чалавек, яны знаходзяцца пад вартай. Фігурантам справы прад'яўлена абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці паводле ч. 3 арт. 233 Крымінальнага кодэкса. «У справы ёсць добрыя судовыя перспектывы», — упэўнены Вакульчык.

Ён паведаміў, што па справе прызначана шмат экспертыз, вывучаецца кожны арыштаваны рахунак, інфармацыя ў канфіскаваных камп'ютарах.

Паводле слоў Вакульчыка, калі падчас следства высветліцца, што злачынства арганізоўвалася з-за межаў Беларусі, то Следчы камітэт звернецца па дапамогу ў іншыя краіны.

Як паведамлялася раней, падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена дачыненне групы асоб да ажыццяўлення незаконных фінансавых аперацый і завалодання грашовымі сродкамі беларускіх грамадзян шляхам падману. У прыватнасці, зламыснікі ад імя незарэгістраванай у падатковых органах і органах мясцовай выканаўчай улады арганізацыі «МММ-2011» ажыццяўлялі на тэрыторыі Беларусі дзейнасць па прыёме ўнёскаў і ставак на выйгрыш ад насельніцтва, спалучаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры. Выплата працэнтаў па ўнёсках або вяртанне укладзеных грашовых сродкаў з улікам агаворанай узнагароды (выйгрышу) ажыццяўляліся членамі групы за кошт прыцягнення новых унёскаў (ставак) грамадзян, якіх наўмысна ўводзілі ў зман наконт законнасці і эканамічнай мэтазгоднасці здзяйснення такіх аперацый. Уцягнутымі ў фінансавыя махінацыі аказаліся некалькі тысяч грамадзян Беларусі, а даход кампаніі склаў больш за 500 млн. рублёў.

Супрацоўнікі мінскага офіса «МММ-2011» былі затрыманы спецслужбамі 16 сакавіка. Потым у дачыненні да іх КДБ распачаў справу паводле ч. 3 арт. 233 КК. Расследаванне было перададзена ў Следчы камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?